У Wargaming новы «танкалёт». А ў БелАЗа, а ў «Эўраопта»? КАРЦІНКІ
Папярэдні «танкалёт» «Белавіі» быў зь беларускім арнамэнтам, новы — з выявай зубра.
Хоць «танчыкі» гэта ня новая гульня (выпусьцілі яшчэ ў 2010 годзе), яна ўсё яшчэ папулярная. Сёлета гэта пацьвердзілі міжнароднай узнагародай: World of Tanks другі раз запар атрымала «Залаты джойстык» у намінацыі «Ўсё яшчэ гуляем». А заснавальнік Wargaming два гады запар займаў першае месца ў сьпісе самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.
Чаму б і іншым не прарэклямаваць сябе на самалётах? Разам з World of Tanks у ліку самых вядомых беларускіх IT-прадуктаў называюць мэсэнджэр Viber, які ў 2014 годзе купілі японцы Rakuten, заплаціўшы 900 млн даляраў. Галоўнае, каб не падумалі, што кампанія запускае авіяпошту.
Можна рэклямаваць і не IT-кампаніі. Напрыклад, бялізна Mark Formelle даволі хутка здабыла пэўную папулярнасьць у Беларусі (брэнду менш за 10 гадоў), можна прасоўвацца за мяжу. Але, магчыма, лепей ня вешаць на самалёт майткі — яшчэ зноў абвінавацяць у аб’ектывізацыі. А шкарпэткі, якія кампанія таксама прадае, варыянт даволі нэўтральны.
Або, напрыклад, можна рэклямаваць на самалётах БелАЗ. Або наадварот, на БелАЗ-ах самалёты: які-небудзь Boeing падыме далёка ня кожную машыну беларускага прадпрыемства, а вось БелАЗ-75710 (паводле дэкляраванай грузападымальнасьці) цалкам можа пакатаць Boeing-747. Мо нават не спатрэбіцца кіроўца.
Можна нацэліцца і на ўнутраны рынак. Напрыклад, сетцы крамаў «Эўраопт» — яна якраз дастаткова буйная, для яе нават пасоўваюць антыманапольны бар’ер. Ды й у дзяржаўных СМІ іхная рэкляма зьяўляецца даволі часта.
Можаце ня верыць, але для некаторых замежнікаў беларуская згушчанка — сапраўдны брэнд. Ня ўсе ведаюць пра ўнутраныя спрэчкі «глыбоцкая ці рагачоўская», але ёсьць тыя, хто на пытаньне «што вам прывезьці зь Беларусі», цалкам сур’ёзна адказваюць: «згушчанку». Вязуць нават за акіян.
Але ўсё гэта, кажуць, ня самыя дарагія брэнды зь Беларусі: паводле ўкраінскай кампаніі MPP Consulting, самы дарагі на 2018 год — «Санта-Брэмар».