На думку кангрэсмэнаў, Расею варта заклікаць да адказнасьці за агрэсію ў Керчанскай пратоцы.
У аўторак у Палаце прадстаўнікоў была прынятая рэзалюцыя, у якой Злучаныя Штаты падкрэсьліваюць важнасьць «незалежнасьці і бясьпекі ўкраінскай дзяржавы», паведамляе «Голас Амэрыкі».
Кангрэсмэны прынялі гэтую рэзалюцыю ў сувязі з падзеямі ў Керчанскай пратоцы. 25 лістапада расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па караблях украінскіх ВМС, якія спрабавалі прайсьці з Адэсы ў Марыюпаль, захапілі іх і арыштавалі ўкраінскіх маракоў, абвінаваціўшы іх у парушэньні дзяржаўнай мяжы. Гэты інцыдэнт выклікаў чарговы віток напружаньня ў адносінах паміж Вашынгтонам і Масквой.
Аўтары рэзалюцыі зьвярнуліся з просьбай да прэзыдэнта Дональда Трампа заклікаць Расею да адказнасьці за гэты акт агрэсіі.
«Злучаныя Штаты і саюзьнікі павінны заклікаць Расею да адказнасьці. У адваротным выпадку Масква расцэніць (бязьдзейнасьць) як „зялёнае сьвятло“ для таго, каб пайсьці яшчэ далей », - заявіў Эд Ройс, старшыня камітэту па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.