Віцэ-прэмʼер РФ Дзьмітры Козак у аўторак на сустрэчы з дэлегацыяй ураду Беларусі ня стаў абмяркоўваць кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру і даваньне зьніжкі на газ.
Пра гэта паведаміла агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў.
Паводле крыніцы, віцэ-прэмʼер ня лічыць магчымым абмяркоўваць гэта «да прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы» — піша агенцтва.
На сустрэчы зь беларускага боку ўдзельнічалі віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, які зьяўляецца куратарам энэргетычнага комплексу, і пасол Беларусі ў РФ Уладзімер Сямашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адміністрацыі Лукашэнкі агучылі страты Беларусі ад падатковага манэўру РасеіНа мінулым тыдні падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўступіў у публічную спрэчку з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным. Лукашэнка зьвярнуў увагу на розныя ўмовы цэнаўтварэньня для беларускіх і расейскіх спажыўцоў газу. Паводле яго, для беларускіх спажыўцоў паліва каштуе каля 130 даляраў за тысячу кубамэтраў, у той час як для расейскіх — 70 даляраў (у суседняй Смаленскай вобласьці).
На гэта Пуцін адказаў, што калі б для Беларусі была рынкавая цана газу, яна была б пад 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пазьней Лукашэнка расказаў, што папрасіў прабачэньня перад Пуціным за тое, што ў «нядобрай форме» ініцыяваў дыскусію ў газавым пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газавая спрэчка: пра што дыскутавалі і ці дамовіліся Лукашэнка і ПуцінІнтэрфакс нагадвае, што ў пачатку лістапада Менск і Масква ўступілі ў актыўную фазу перамоваў пра мэханізм кампэнсацыі беларускаму боку выпадаючых даходаў бюджэту з-за пачатку рэалізацыі ў РФ так званага падатковага манэўру ў нафтавай сфэры. Мэханізм прадугледжвае паэтапнае зьмяншэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты. Падатковы манэўр прывядзе да зьніжэньня даходаў беларускага бюджэту.
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант паведаміла днямі, што паводле падлікаў беларускага боку, пры найгоршым разьвіцьці падзеяў за наступныя чатыры гады Беларусь недаатрымае амаль 11 мільярдаў даляраў.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі