У Маскве адкрылі помнік Аляксандру Салжаніцыну

Аляксандар Салжаніцын

У Маскве ў аўторак адкрылі помнік Аляксандру Салжаніцыну. Скульптуру ўсталявалі ў сквэры на вуліцы Салжаніцына ў таганскім раёне расейскай сталіцы.

Адкрыцьцё помніка прымеркавалі да сотай гадавіны зь дня нараджэньня пісьменьніка. У цырымоніі ўдзельнічаў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Год таму на Цьвярской вуліцы ў Маскве адкрылі мэмарыяльную дошку Аляксандру Салжаніцыну. Памятны знак усталявалі на сьцяне дома, у якім пісьменьнік жыў на момант арышту ў 1974 годзе пасьля выхаду кнігі «Архіпэляг ГУЛАГ».

Аляксандар Салжаніцын, былы вязень сталінскіх лягераў, атрымаў вядомасьць як пісьменьнік, публіцыст і грамадзкі дзеяч, які выступаў з рэзкай крытыкай савецкіх уладаў і іх палітыкі. У 1970 годзе ён быў ганараваны Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры, якую атрымаў у 1974 годзе, пасьля высылкі з СССР, зьвязанай з абвінавачваньнямі ў антысавецкай дзейнасьці. Найбольш вядомую працу Салжаніцына — «Архіпэляг Гулаг», дасьледаваньне аб масавых рэпрэсіях у СССР. Салжаніцын жыў у ЗША і вярнуўся ў Расею ў 1994 годзе.

Салжаніцын памёр 3 жніўня 2008 года ў Маскве. Першы помнік пісьменьніку ў Расеі быў адкрыты ў 2013 годзе ў Белгарадзе. У 2015 годзе помнік усталявалі ва Ўладзівастоку.