Статыстыка паказвае, што грамадзяне Латвіі больш актыўна, чым беларусы, карыстаюцца малым памежным рухам, які існуе паміж дзьвюма краінамі з 2012 году.
Чакаецца, што ў 2018 годзе больш за 10 тысяч грамадзян Латвіі, якія жывуць у 45-кілямэтровай зоне ад мяжы, наведаюць Беларусь па правілах малога памежнага руху.
У 2017 годзе такіх было 9880. Рух у зваротным кірунку ў 10 разоў меншы — тысяча беларусаў езьдзіла ў Латвію бязь візаў цягам 2017 году.
Гэтыя лічбы назваў 11 сьнежня на круглым стале «Беларускі турызм: тэндэнцыі і пэрспэктывы» намесьнік начальніка галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Аляксандар Ганевіч.
Дыспрапорцыю ён патлумачыў некалькімі прычынамі. Па-першае, зона памежнага руху з латвійскага боку шчыльней заселеная (у яе ўваходзіць горад Даўгаўпілс (Дзьвінск)). Па-другое, у ёй пражывае шмат людзей зь беларускімі каранямі, якія наведваюць магілы сваіх продкаў. Па-трэцяе, спрацоўваюць так званыя бытавыя прычыны — з Латвіі едуць на закупы (напрыклад, гарэлка ў Беларусі істотна таньнейшая).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі ініцыяваў пашырэньне «бязьвізу» для іншаземцаў на наземныя межыМалы памежны рух паміж Беларусьсю і Латвіяй запрацаваў з 1 лютага 2012 году. Цягам таго году спрошчанай працэдурай перасячэньня дзяржаўнай мяжы скарысталіся 4 тысячы латышоў і 200 беларусаў. Як сьведчаць памежнікі абедзьвюх краін, мясцовыя жыхары амаль не парушаюць заканадаўства, каб не пазбавіцца права бязьвізавага перамяшчэньня.
Плюсы малога памежнага руху
Дазвол на перасячэньне мяжы выдаецца тэрмінам ад 1 да 5 гадоў.
Разгляд дакумэнтаў на дазвол каштуе 20 эўра.
На ўмовах узаемнасьці ад аплаты за дазвол могуць вызваляцца пэнсіянэры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.
Малы памежны рух зь Літвой і Польшчай замарозілі ў Менску
Беларусь мае агульную дзяржаўную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай. Але пакуль малы памежны рух зь Беларусі дзейнічае толькі з Латвіяй. Хоць Літва і Польшча ўжо даўно правялі ўсе неабходныя працэдуры, каб аналягічныя дамовы ўступілі ў сілу, беларускі бок іх дагэтуль ня ўвёў у дзеяньне.
Беларускія ўлады раней спасылаліся на тое, што перад увядзеньнем малога памежнага руху трэба дасканала вывучыць досьвед бязьвізавага руху на беларуска-латвійскай мяжы. Пасьля зьявілася яшчэ адно тлумачэньне — маўляў, для ўвядзеньня малога памежнага руху зь Літвой і Польшчай яшчэ не падрыхтаваліся памежныя інфраструктуры.
У Вільні і Варшаве заяўляюць, што лёс малога памежнага руху залежыць ад беларускіх партнэраў.