Японскія ўлады вырашылі забараніць дзяржзакупкі абсталяваньня кампаній Huawei і ZTE. Пра гэта паведамляе South China Morning Post. Такое рашэньне прынята ў хуткім часе пасьля таго, як ЗША заклікалі саюзьнікаў адмовіцца ад тавараў гэтых карпарацый праз пагрозы шпіянажу.
1 сьнежня ўлады Канады арыштавалі фінансавага дырэктара і дачку заснавальніка кітайскага тэлекамунікацыйнага гіганта Huawei Мэн Ваньчжоў. Вашынгтон падазрае яе ў стварэньні схем абыходу амэрыканскіх санкцый супраць Ірана. У выпадку экстрадыцыі ў ЗША ёй можа пагражаць пакараньне тэрмінам да 60 гадоў пазбаўленьня волі.
У пачатку года амэрыканская выведка западозрыла Huawei і ZTE у нядобрасумленных сувязях з кітайскім урадам. У жніўні аўстралійскі ўрад забараніў выкарыстоўваць абсталяваньне Huawei і ZTE пры пракладцы сеткі 5G. Аналягічнае рашэньне ў дачыненьні да Huawei прынялі ўлады Новай Зэляндыі. На мінулым тыдні ад абсталяваньня Huawei адмовіўся брытанскі апэратар сувязі BT Group Plc.