Беларусь упершыню была прадстаўленая ў Парлямэнцкай канфэрэнцыі па Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (УГА). На яе штогод зьбіраюцца дэпутаты з краін, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю.
Ад Беларусі на канфэрэнцыі быў старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі.
Канфэрэнцыя прайшла ў Жэнэве, яе арганізатарамі выступілі Міжпарлямэнцкі саюз і Эўрапарлямэнт.
«А ў нас, на жаль, з гэтымі структурамі раней асабліва дачыненьняў не было. Ды і мы самі не былі на гэтым кірунку дастаткова актыўнымі», — патлумачыў Свабодзе дэпутат Варанецкі, чаму беларускія прадстаўнікі не былі на ранейшых канфэрэнцыях.
Беларусь папрасіла падтрымкі
Валер Варанецкі кажа, што, акрамя дэпутатаў, у канфэрэнцыі ўдзельнічалі кіраўніцтва УГА, Усясьветнага банку, Харчовай арганізацыі ААН, канфэрэнцыі ААН у гандлі і разьвіцьці і шэрагу іншых міжнародных структураў.
«Я праінфармаваў іх пра разьвіцьцё ў Беларусі электроннага гандлю, лічбавай эканомікі, малога і сярэдняга бізнэсу. І папрасіў іх падтрымаць наша імкненьне далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь мае «рэальны шанец» уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў 2020 годзеКаб увайсьці ва УГА, Беларусь мусіць падпісаць адмысловыя пратаколы з краінамі альбо інтэграцыйнымі аб’яднаньнямі. Напрыклад, няма неабходнасьці падпісваць дакумэнты з кожнай краінай, якая ўваходзіць у Эўразьвяз. Тут дастаткова аднаго пратаколу. Са многімі дзяржавамі і структурамі пагадненьні ўжо заключаныя.
«У 2020 годзе штогадовая канфэрэнцыя Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі будзе праходзіць у Казахстане. Наш урад, пра што ўжо заяўляў прэм’ер Сяргей Румас, паставіў за мэту далучыцца там да УГА. На мой погляд, гэта цалкам рэальна», — сказаў Варанецкі.
Што такое WTO?
Усясьветная гандлёвая арганізацыя (World Trade Organization) — міжнародная арганізацыя, якая дзейнічала з 1947 году як Генэральнае пагадненьне аб тарыфах і гандлі. 1 студзеня 1995 году была пераназваная як Усясьветная гандлёвая арганізацыя з мэтай лібэралізацыі міжнароднага гандлю і рэгуляваньня гандлёва-палітычных стасункаў дзяржаў-чальцоў. УГА адказвае за распрацоўку і ўкараненьне новых гандлёвых пагадненьняў, а таксама сочыць за выкананьнем сябрамі арганізацыі ўсіх падпісаных пагадненьняў.
Цяпер ва УГА ўваходзяць больш за 160 краін. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Жэнэве.
Беларусь падала заяўку на сяброўства ў WTO ў 1993 годзе. З таго часу вядуцца перамовы з гэтай арганізацыяй і асобнымі краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сабралася ўзгадніць далучэньне да WTO з усімі, апроч ЗША. «У іх асаблівая пазыцыя»