Міністар замежных спраў Францыі Жан-Іў ле Дрыян заклікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Францыі — пасьля сэрыі твітаў Трампа аб беспарадках у Парыжы.
«Хацеў бы сказаць Дональду Трампу, і прэзыдэнт Францыі кажа тое ж самае: пакіньце нашу краіну ў спакоі» — сказаў ле Дрыян ў інтэрвію аднаму з тэлеканалаў.
Міністар замежных спраў заўважыў, што ў Францыі не камэнтуюць ўнутраную палітыку ЗША і просяць партнэраў адказваць ўзаемнасьцю.
Напярэдадні ў Парыжы зноў адбыліся сутыкненьні так званых «жоўтых камізэлек» — удзельнікаў акцый пратэсту супраць эканамічнай палітыкі ўладаў — з паліцыяй. Больш за 1700 чалавек па ўсёй Францыі былі затрыманыя, больш за 100 пацярпелі. Былі закрыты многія музэі і крамы.
Камэнтуючы падзеі, Трамп напісаў у Твітэры, што прычынай пратэстаў, магчыма, паслужыла Парыскае пагадненьне аб барацьбе са зьменамі клімату, выкананьне якога, як сьцьвярджае прэзыдэнт ЗША, прывяло да росту падаткаў.
«Парыскае пагадненьне ня вельмі добра спрацавала ў Парыжы» — напісаў Трамп. Ён таксама дадаў, што ўдзельнікі акцый пратэсту скандуюць: «Мы хочам Трамп». Апошняе сьцьвярджэньне відавочцы аспрэчваюць.
The Paris Agreement isn’t working out so well for Paris. Protests and riots all over France. People do not want to pay large sums of money, much to third world countries (that are questionably run), in order to maybe protect the environment. Chanting “We Want Trump!” Love France.
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) December 8, 2018
Шэраг іншых францускіх палітыкаў таксама выступілі з крытыкай Трампа.
Злучаныя Штаты на ініцыятыву Трампа выйшлі з Парыскага пагадненьня, якое падпісалі практычна ўсе краіны сьвету. Пратэсты ў Францыі прама не накіраваныя супраць яго, аднак падвышэньне тарыфаў на паліва, якое стала падставай для пачатку масавых акцый (улады пасьля «замарозілі» гэтую ініцыятыву) ускосна можа быць зьвязана з абавязаньнем знізіць ўзровень выкідаў вуглякіслага газу.