Прэзыдэнты Украіны і Літвы дамовіліся сумесна дзейнічаць для таго, каб павысіць для агрэсара цану, якую той заплаціць у выпадку агрэсіўных дзеяньняў.
Пра гэта выказаўся прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, ацэньваючы атаку на ўкраінскія караблі паблізу Керчанскага праліва 25 лістапада..
«Таму мы дамовіліся са спадарыняй прэзыдэнтам, што будзем ня толькі абмяркоўваць, але і сумесна дзейнічаць для таго, каб павысіць для агрэсара цану, якую ён заплаціць у выпадку агрэсіўных дзеяньняў. Упэўнены, што і нашы эўрапейскія партнэры цалкам усьведамляюць усю сур’ёзнасьць сытуацыі і гатовыя прыняць дзеяньні ў адказ», — дадаў Парашэнка.
«Літва цьвёрда падтрымлівае Ўкраіну і ўвяла нацыянальныя санкцыі ў адносінах да асобаў, адказных за агрэсію ў Керчанскім праліве і Чорным моры. Акрамя таго, Літва павялічвае ваенную дапамогу Ўкраіне — будзе дадаткова выдзелена амуніцыя і накіравана больш ваенных інструктараў і экспэртаў па кібэрбясьпецы», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта Літвы.