Футбольны клюб «Крумкачы» зьмяняе назву

Клюб спадзяецца, што заўзятары зразумеюць гэты крок і зьвяртаюцца да ўсіх з просьбай дапамагчы ў выбары новай назвы.

«Сёлета мы выканалі задачу — зрабілі крок наперад, выйшлі ў першую лігу. І гэта новы выклік, які мы прымаем з вашай падтрымкай і дапамогай. У сваю чаргу, абяцаем не спыняцца — паспрабуем і далей радаваць вас новымі перамогамі і дасягненьнямі», — гаворыцца ў звароце «Крумкачоў».

Клюб тлумачыць, што «будаўніцтва немагчыма без перабудовы, а часам і разбурэньня». І першым сур’ёзным крокам, які ФК «Крумкачы» хоча зрабіць — зьмяніць назву.

«Мы доўга думалі і разважалі на гэту тэму, перш чым прыйсьці да такога рашэньня. І сёньня яно насьпела. Мы жадаем і павінны захаваць пераемнасьць нашага брэнда, але рэаліі такія, што на шляху стварэньня сур’ёзнага прафэсійнага клюба, неабходна "казку ператварыць у рэчаіснасьць"» — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэінкарнацыя «Крумкачоў». Сузаснавальнікам новага клюбу стаў усясьветна вядомы піяніст

Сёлета рашэньнем Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з вышэйшай лігі: менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту — парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і зрыў працэсу ліцэнзаваньня.

У «Крумкачоў» зьмяніліся заснавальнікі, каманда заявілася ў другую лігу, заняла па выніках сэзону другое месца і атрымала падвышэньне ў рангу. Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаваньні рэглямэнту больш жорсткія, чым у аматарскім футболе, аказалася ня так проста: клюб з такой назвай ужо існуе, рэгістраваць новы фэдэрацыя не зьбіраецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крумкачоў» могуць не пусьціць у першую лігу футбольнага чэмпіянату празь юрыдычную калізію

Футбольны клюб «Крумкачы» заснаваны 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшлі ўсе прыступкі — аматарскую другую лігу, паўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі. Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацый, ні буйных прадпрыемстваў.