Вяскоўцы вараць сыры. Вучні пачатковай школы зьбіраюць байдаркі, ладзяць рэгату на Нёмане. Маці зь дзецьмі ля труны мужа ў модным строі. Нямецкія афіцэры пазіруюць у беларускіх зіпунах. Царкоўны аркестар з новымі музычнымі інструмэнтамі. Выстава ўнікальных фатаздымкаў, пераважна 30-х і 40-х гадоў, адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музэі.
Усе здымкі зробленыя ў адных і тых жа мясьцінах — у Любчанскім краі, калі Любча была цэнтрам гміны ў міжваеннай Польшчы, а потым райцэнтрам у паваеннай Беларусі. І аўтар здымкаў той самы — Сава Сіўко зь вёскі Сенна, што непадалёк ад Любчы. Народны фатамайстар з унікальным лёсам і велізарнай фотаграфічнай спадчынай, якую гісторыкі адкрылі толькі некалькі гадоў таму праз шчасьлівы выпадак і ўпартасьць.
500 здымкаў з чароўнай валізкі і 400 з паддашша
Супрацоўніца гістарычнага музэю Надзея Саўчанка, куратар выставы, з захапленьнем распавядае дзіўную гісторыю адкрыцьця, якое стала значнай падзеяй і ў яе жыцьці.
«Некалькі год таму калекцыянэр прынёс у музэй валізку, напоўненую шклянымі нэгатывамі. Больш за 500 нэгатываў там было. Аўтар невядомы, а на здымках — твары сялян, майстроў, людзей больш заможных.
Адразу было зразумела, што здымкі вельмі рэдкія, цікавыя сваёй шчырасьцю, добра зробленыя. Але дзе? На адным са здымкаў мы пазналі вежу Любчанскага замка і зладзілі ў Наваградзкі раён, у Любчу, экспэдыцыю.
Шмат шукалі, і ў апошні дзень экспэдыцыі выйшлі на сьлед, які прывёў да аўтара. Гэтак людзі падказалі, што здымаў усе гэтыя цудоўныя фота Сава Сіўко зь вёскі Сенна — народны фатограф, самародак, якія рабіў сваю любімую справу больш за 50 гадоў. У яго доме, на паддашшы, знайшліся яшчэ 4 сотні шкляных фотанэгатываў, якія ўдалося вярнуць да жыцьця».
Паводле ўдзельнікаў урачыстага адкрыцьця выставы здымкаў Савы Сіўко, ягоныя фота — сапраўдны архіў жыцьця беларускага мястэчка 20-х і пазьнейшых гадоў, а здымаў Сава Сіўко да самай сьмерці, да 1978 году. Але дзе і як просты селянін авалодаў майстэрствам фатаграфіі? Чаму пранёс гэтае захапленьне праз столькі гадоў жыцьця?
Чаму навучыўся ў Баварыі
Сава нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Сенна, жыў зь зямлі, але ў Першую ўсясьветную вайну ягоны лёс, як і лёс яшчэ соцень тысяч беларусаў, крута зьмяніўся. Саву прызвалі ў царскае войска і адправілі ваяваць з германцамі на фронт, якія трымала кайзэраўская Нямеччына супроць імпэратарскай Расеі. Немцы перамагалі, іх войскі занялі амаль палову Беларусі, а Сава Сіўко трапіў у палон.
Як ваеннапалонны малады беларус апынуўся ў Баварыі, працаваў у баўэра і, відаць, добра адзначыўся, бо ўдзячны гаспадар накіраваў яго на курсы трактарыстаў. Сава авалодаў трактарам выдатна, але па-сапраўднаму яго захапіла іншая модная ў той час справа — фатаграфія.
У родную Любчу — хоць шмат хто з палонных беларусаў заставаўся назаўсёды ў багатай Нямеччыне — Сава Сіўко вярнуўся з добрымі ведамі ў фатаграфічнай справе, досьведам і ўласным фотаапаратам. Пачаў здымаць аднавяскоўцаў, мясцовыя краявіды — і высьветлілася, што з гэтага хобі можна жыць. Здымаць на замову вясельлі, пахаваньні, рэлігійныя сьвяты, рабіць фотапартрэты і нават жанравыя здымкі.
Гэтак у Любчанскім краі зьявіўся свой фоталетапісец. «Гэта вельмі важна, бо здымкі Савы Сіўко і сёньня дапамагаюць ягоным землякам цаніць свае карані», — прагучала на адкрыцьці выставы здымкаў доўга невядомага майстра.
Сакрэты Савы Сіўко
Фатограф Альбэрт Цехановіч дапамагаў друкаваць з нэгатываў Савы Сіўко здымкі, якія прадстаўленыя на выставе. Вось пра якія асаблівасьці працы майстра распавёў Альберт Цехановіч.
• Для нэгатываў ён выкарыстоўваў шкляныя пласьціны з нанесеным срэбрам. Каб зрабіць здымак, да нэгатыва прыкладалася папера, але электрычнага сьвятла ж не было. Сава ў зачыненым пакоі адчыняў фортку, альбо выкарыстоўваў адмысловую газавую лямпу. Гэта ўсё было вельмі складана, але ён выдатна прыстасаваўся, бо быў ня толькі з галавой, але, як кажуць, і з рукамі.
• Распавядалі, што вельмі любіў як абутак кеды. Чаму? Аказваецца, каб набыць фотахімікаты і паперу, хадзіў пешкі ў Менск. 80 кілямэтраў туды і столькі ж назад, але за два дні ўпраўляўся. Таму і выбіраў такі зручны абутак.
• Калі здымаў фота для дакумэнтаў, садзіў на лаву па некалькі чалавек у радок і рабіў адзін здымак, а потым рэзаў яго на кавалкі. Быў вельмі знаходлівы і практычны.
• Меў для пастановачных здымкаў прасьціну з малюнкам, памерам 2 на 3 мэтры. Мы завём гэта фонам, ці заднікам. Гэтую прасьціну ў вандроўках па навакольных вёсках Сава заўсёды насіў з сабой. А гэта дадатковыя кіляграмы да вагі фотаапарату, іншых прыладаў. А ішоў на 5–10 кілямэтраў ледзь ня штодня. І заўсёды ўпраўляўся, быў нястомны.
•Здымаў як чырвонаармейцаў, гэтак і паліцаяў
На адкрыцьцё выставы здымкаў Савы Сіўко прыехала шмат ягоных землякоў з-пад Любчы, у тым ліку блізкіх і далёкіх сваякоў. Пляменьнік фатографа Павал Паўлавіч Сіўко адкрыў журналістам дзядзькаў прафэсійны сакрэт.
«Так, за польскім часам браў за здымкі грошы, „златуўкі“, як тады казалі, але не прызначаў цаны, а колькі хто дасьць. Нават і ў вайну здымаў, у тым ліку нямецкіх афіцэраў і паліцаяў. Прыйдуць, загадаюць зрабіць здымкі — куды падзецца? А пасьля вайны здымаў чырвонаармейцаў. І простых людзей працягваў здымаць.
Калі не было як разьлічыцца грашыма, людзі давалі харчы. Фатографа ўсе паважалі і цанілі ягоную працу. У 50-х гадах, пакуль Любча яшчэ была райцэнтрам, мясцовыя ўлады часткова аплачвалі яму выдаткі на хімікаты і паперу, бо здымаў людзей на дакумэнты, але потым гэта скончылася.
Калі шмат у каго зьявіліся фотаапараты, розныя «Зэніты», менш сталі здымкаў замаўляць, але ўсё роўна ішлі да яго. Бо ў яго якасьць паглядзіце якая — здымкам 50 год, а яны трымаюцца», — апавёў Павал Сіўко.
Дарэчы, «заднік», на тле якога рабіў пастановачныя здымкі Сава Сіўко, адмыслоўцы рэстаўравалі, і ён таксама стаў экспанатам выставы ў Нацыянальным гістарычным музэі. Перад ім на памяць можа зьняцца любы наведнік выставы.
Яшчэ адзін бонус для наведнікаў выставы — аўдыёгіды з камэнтарамі да фатаздымкаў і расповедамі жыхароў Любчанскага краю. У тым ліку і Паўла Паўлавіча Сіўко.