Пракурорская лятарэя

Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка адмоўна выказаўся пра ідэю закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, у СМІ трапляла ўжо некалькі гісторый, калі пракуроры, нягледзячы на нежаданьне пацярпелых ці іх законных прадстаўнікоў, працягвалі справы, каб злачынцу ўсё ж прыцягнулі да адказнасьці. Толькі гэта не паляпшэньне сытуацыі і не кампраміс — гэта сумесь цырку і лятарэі. Камусьці пашанцуе, а камусьці — не. Сыстэмна нічога не зьмянілася.

Вось апошняя гісторыя з умяшаньнем пракурора: у Лельчыцкім раёне мужчына пагражае пісталетам жанчыне, бо хоча, каб яна працягвала быць з ім у стасунках. Жанчына зьвяртаецца ў міліцыю, але потым піша заяву, што ня хоча прыцягваць яго да крымінальнай адказнасьці. Потым яна патлумачыла ў пракуратуры, што баіцца помсты з боку нападніка і ягонай сям’і, таму і ня хоча, каб пачыналі крымінальную справу.

Супраць нападніка усё ж пачалі крымінальную справу

Звычайна ў такіх гісторыях справы закрываюць, але тут пракурор вырашыў, што жанчына ня можа самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы. У выніку супраць нападніка усё ж пачалі крымінальную справу паводле 186-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — пагроза забойствам, нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў ці зьнішчэньнем маёмасьці.

На першы погляд можа падацца, нібыта гэта гісторыя з хэпі-эндам, і што ўвогуле яна сьведчыць пра нейкія зьмены ў сыстэме. Але галоўны паказчык сыстэмнасьці зьменаў — гэта іх прадказальнасьць, а тут ніякай прадказальнасьці няма. Проста ў асобна ўзятым выпадку пракурор вырашыў умяшацца. Магчыма, у яго ёсьць нейкі загад, а можа, ён зрабіў гэта па ўласным жаданьні. Па вялікім рахунку, прычыны гэтага ўчынку маюць не такое ўжо вялікае значэньне: ён у любым выпадку застаецца адзінкавым выключэньнем з правіла.

Крымінальныя справы па гэтых злачынствах пачынаюць толькі пра наяўнасьці адпаведнай заявы

Шэраг злачынстваў супраць недатыкальнасьці асобы дагэтуль знаходзяцца ў зоне так званага прыватнага і прыватна-публічнага абвінавачваньня. Гэта значыць, што крымінальныя справы па гэтых злачынствах пачынаюць толькі пра наяўнасьці адпаведнай заявы. Праўда, пракурор можа скарыстацца асабістым козырам і ў шэрагу выпадкаў пачаць справу без заявы, калі палічыць, што злачынства «закранае істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадзтва альбо ўчынена супраць асобы, якая знаходзіцца ў службовай ці іншай залежнасьці ад абвінавачанага ці па іншых прычынах ня здольная самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы».

Сёньня палічыў пагрозу пісталетам дастаткова сур’ёзнай, а празь месяц перадумаў

І пакуль ня зьявіцца дакладны сьпіс істотных дзяржаўных інтарэсаў, усе гэтыя пракурорскія ўмяшаньні будуць выглядаць як гульня. Сёньня палічыў пагрозу пісталетам дастаткова сур’ёзнай, а празь месяц перадумаў. І нічога яму за гэта ня будзе, кардынальна розны падыход да аналягічных справаў будзе тлумачыцца «прынцыповай розьніцай у дробных дэталях» і іншымі недарэчнасьцямі. Зрэшты, гэта велізарная прастора для карупцыйных схемаў.

Каб пакараньне злачынцаў было больш прадказальным, трэба перавесьці такія злачынствы як «пагроза забойствам» і «згвалтаваньне» ў зону публічнага абвінавачваньня. У злачынцы ня мусіць быць магчымасьці пазьбегнуць адказнасьці проста таму, што ахвяра вельмі баіцца. Гэта ж прапісная ісьціна: застаючыся беспакараным, злачынца пачынае адчуваць уседазволенасьць, што падвышае рызыку новых і яшчэ больш жорсткіх злачынстваў.

Трэба перавесьці такія злачынствы як «пагроза забойствам» і «згвалтаваньне» ў зону публічнага абвінавачваньня

Здаецца, цяпер дзяржава спрабуе нібыта паказаць нам, што і без закону аб хатнім гвалце ўсё можа быць пад кантролем. Што сыстэма разьвіваецца і гатовая сёньня абараняць тых, хто яшчэ ўчора быў без увагі. Бяда толькі ў тым, што ў нас па-ранейшаму няма ніякіх гарантый, а ўсё залежыць ад нечага настрою, і нам прапануюць паверыць на слова, што нас будуць абараняць.

Я ня веру. Не магу сабе дазволіць такую наіўнасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.