У Крыме арыштавалі адваката, які абараняе татараў

Эміля Курбядзінава вядуць у суд

Судзьдзя Кіеўскага раённага суду Сімфэропалю Антон Цыкурэнка арыштаваў на пяць сутак адваката Эміля Курбядзінава, які прадстаўляе інтарэсы крымска-татарскіх актывістаў у анэксаваным Расеяй Крыме. Яго абвінавацілі ў распаўсюджваньні сымболікі забароненай у Расеі арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр» у пастах на старонцы ў Фэйсбуку ў 2013 годзе.

Курбядзінаў вінаватым сябе не прызнаў і сьцьвярджаў, што яго перасьледуюць па палітычных матывах.

«Сутнасьць гэтай адміністрацыйнай справы ня ў тых рэпостах, якія выпаралі з сацсетак, а ў дзеяньнях спэцслужбаў у дачыненьні да мяне», — сказаў Курбядзінаў у судзе перад вынясеньнем рашэньня.

У студзені 2017 году Курбядзінаў быў арыштаваны на 10 сутак паводле аналягічнага абвінавачаньні за тую самую перапіску ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

Эндру Андэрсан, дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, прэмію якой атрымаў летась Курбядзінаў, назваў яго перасьлед з боку расейскіх уладаў абуральным.

Арганізацыя апублікавала заяву, у якой зьвязвае адміністрацыйны арышт Курбядзінава з праваабарончай дзейнасьцю і патрабуе неадкладна адпусьціць, а таксама спыніць ціск на адвакатаў у Крыме.