Улады Парыжу і француская паліцыя падрыхтаваліся да «беспрэцэдэнтных» мераў бясьпекі ў суботу, 8 сьнежня.
На вуліцы францускіх гарадоў будуць выведзеныя 89 тысяч паліцыянтаў і спэцназаўцаў. Іх задача — не дапусьціць паўтарэньня пагромаў 1 сьнежня ў Парыжы, калі былі спалены некалькі аўтамабіляў, разьбітыя вітрыны крамаў і расьпісаныя графіці помнікі архітэктуры. У Парыжы на вуліцы выйдуць 8 тысяч паліцыянтаў замест 4600, якія спрабавалі стрымаць натоўп у мінулыя выхадныя, а таксама 80 браніраваных спэцаўтамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страшны сон Макрона. Як выглядае Парыж пасьля пратэстаўДля наведнікаў зачыняць некалькі славутасьцяў, у тым ліку Эйфелеву вежу, а таксама каля дзесяці парыскіх музэяў, у тым ліку Люўр. Іх адміністрацыя асьцерагаецца актаў вандалізму з боку маніфэстантаў.
Мэрыя таксама прапанавала ўладальнікам крам і рэстаранаў на Елісейскіх Палях спыніць працу як мінімум на суботу. Усе масавыя мерапрыемствы, прызначаныя на суботу ў Парыжы, адменены.
У Францыі зь сярэдзіны лістапада праходзяць акцыі пратэсту так званых «жоўтых камізэлек». Першапачаткова гэта быў народны рух правінцыйных уладальнікаў малога бізнэсу, фэрмэраў і рабочых у галіне перавозак. Яны патрабавалі ад ураду адмовіцца ад павышэньня у 2019 годзе падаткаў на аўтамабільнае паліва, у першую чаргу дызэль. Урад Францыі некалькі дзён таму пайшоў на саступкі і абвясьціў, што павышэньня акцызаў на бэнзін і дызэльнае паліва у 2019 годзе ня будзе.
Аднак да пратэстоўцаў-«камізэлек» далучыліся і іншыя незадаволеныя палітыкай ўраду Эмануэля Макрона, у тым ліку правыя і левыя радыкалы. І зараз іх патрабаваньні выходзяць далёка за рамкі паліўных акцызаў.
Афіцыйны прадстаўнік ураду Францыі Бэнжамэн Грыво заявіў у інтэрвію газэце Le Parisien, што радыкалы спрабуюць з дапамогай «жоўтых камізэлек» «скінуць уладу ў Францыі»:
«Палітызаваныя і радыкальныя элемэнты спрабуюць выкарыстоўваць рух. Яны хочуць скінуць уладу», — сказаў прадстаўнік ўраду. І папярэдзіў, што падчас пратэстаў «можа распаўсюджвацца агнястрэльная зброя».
1 сьнежня падчас сутыкненьняў паміж удзельнікамі акцый пратэсту і паліцыяй больш за 400 чалавек былі арыштаваныя, больш за 130 чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку 23 супрацоўнікі праваахоўных органаў.
«Мы не зьбіраемся паўтараць тое, што было на мінулым тыдні, — заявіў Le Figaro афіцэр паліцыі, які прымаў удзел у трэнінгу паліцыянтаў перад суботнім пратэстамі. — Перад крамамі ў Сэнт-Анарэ нас абстралялі балтамі і мэталічнымі прадметамі, людзі нас амаль разарвалі. Моладзь, жанчыны — усё як быццам зьехалі з глузду».
Ён папярэджвае, што ў гэтыя выходныя сытуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш, і папярэджвае, што паліцыя «ня будзе вагацца, калі трэба будзе выкарыстоўваць зброю».