Лідэр польскай «Салідарнасьці» ў Менску ды іншыя цікавінкі кінафэстывалю Watch Docs Belarus

Адам Міхнік

З 13 па 16 сьнежня ў Менску пройдзе Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus. Сёлета лёзунг фэстывалю — «Стаяць на сваім».

6 сьнежня ў Інстытуце Гётэ ў Менску адбудзецца фэстывальны перадпаказ — на ім прадставяць амэрыканскую стужку «Ўнутраная праца». У цэнтры сюжэту — працэс інтэнсіўнай групавой тэрапіі ў знакамітай каліфарнійскай турме Фолсам, дзе адбываюць пажыцьцёвае зьняволеньне.

Сярод герояў фільмаў Watch Docs Belarus дысыдэнт і заснавальнік «Gazety Wyborczej» Адам Міхнік, зьняволеныя Гомельскай жаночай калёніі і каліфарнійскай турмы Фолсам, чэскі нэанацыст Далібарэк, гераіня ірляндзкага супраціву Марэд Фэраль, Уладзімер Пуцін і Доналд Трамп.

Адзін зь лідэраў польскай «Салідарнасьці» Адам Міхнік прыедзе ў Менск на фэстываль сустрэцца з гледачамі.

«Мы распавядаем пра правы чалавека праз эстэтыку кіно»

Свабода задала 5 пытаньняў дырэктарцы фэстывалю Watch Docs Belarus Тацяне Яворскай.

1. Аналягічныя фэстывалі ў суседняй Польшчы праводзяцца з 2001 году, у Беларусі — з 2015-га. Чаму Беларусь так позна «дасьпела» да тэмы правоў чалавека ў кінадакумэнталістыцы?

— Першая спроба арганізаваць такі фэстываль была 10 гадоў таму, калі я працавала ў Беларускім Хэльсынскім камітэце. Я была пад уражаньнем фэстывалю Watch Docs у Польшчы. Але тады зьявіўся фэстываль мастацкага кіно «Свабода, роўнасьць, годнасьць», які ладзяць ААН і Эўразьвяз.

Мяне цягнула заўсёды да дакумэнтальнага кіно, бо гэта нявыдуманыя, рэальныя гісторыі рэальных людзей. Праз рэальную гісторыю прасьцей за ўсё распавесьці пра вялікую праблему.​

Тацяна Яворская

Традыцыйна Watch Docs у Польшчы прымеркаваны да Дня правоў чалавека, і на наступны дзень пасьля закрыцьця фэстывалю ў Варшаве адкрываецца фэстываль у Менску — гэта такая перадача эстафэты.

Першыя паказы Watch Docs адбыліся ў 2001 годзе ў Варшаве, а з 2015 году фэстываль ладзіцца ў Беларусі — дзякуючы намаганьням аднадумцаў-арганізатараў і валянтэраў.

На мінулыя фэстывалі да нас прыяжджалі цікавыя асобы — рэжысэр, які здымаў у Алепа ў Сырыі, журналісты, якія працавалі з Панамскім архівам з Украіны і Брытаніі, эстонскія палітыкі — мы стараемся выцягваць сюды людзей, якія да нас не даяжджаюць звычайна. Тэматыка фільмаў вельмі шырокая і разнастайная — іслам, лічбавая бясьпека, інфармацыйная пісьменнасьць і папулізм, залежнасьці падлеткаў, падзеі ва Ўкраіне і памяць пра ГУЛАГ, карупцыя транснацыянальных кампаній і адказнасьць бізнэсу, экалёгія, культура памяці.

2. Хто арганізатары Watch Docs Belarus, дзе адбудуцца паказы фільмаў?

— Заснавальнік фэстывалю — грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно», але ладзіцца імпрэза намаганьнямі дзясяткаў валянтэраў, якія перакладаюць стужкі, робяць субтытры, арганізуюць дыскусіі, працуюць з гасьцямі. А пра складанасьці — усё складана ў нашым жыцьці, скардзіцца ня буду.

Краўдфандынгам мы зьбіраем сродкі на арэнду пляцовак. Сёлета гэта ня так добра ідзе, але спадзяёмся, што калі не да фэстывалю, то падчас паказаў дазьбяром патрэбную суму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Watch Docs Belarus: міжнародны фэст дакумэнтальнага кіно скарачае праграму праз брак сродкаў

Сёлета фэстываль будзе праходзіць у кінатэатры «Мір», прасторы ОК-16. Партнэрам перадпаказу выступіў Інстытут Гётэ ў Менску, адна з дыскусій 14 сьнежня будзе там. Кінаноч будзе ў «Піяр-кубе» — гэта такая агенцыя, прыклад супрацы бізнэсу з грамадзянскай супольнасьцю. Яны далі бясплатна памяшканьне, а яшчэ ўзялі нас у свой крэатон і дапамагалі парадамі, як рэклямаваць фэстываль.

Уваход на ўсе прагляды, дыскусіі і іншыя імпрэзы фэстывалю свабодны.

Афіша фэстывалю

3. Чым будзе адметны сёлетні фэстываль? Якія вядомыя пэрсоны прыедуць у Менск?

— Сёлета мы ўсе стужкі падбіралі пад слоган «Стаяць на сваім» і раскрываем гэты панятак з усіх бакоў. Гэта і настойваць на сваёй праўдзе, адстойваць свае правы (стужкі «Мастацтва супраціву ў Буркіна Фасо», «Камбаджыйская вясна»). А таксама мы разглядаем гэта на індывідуальным узроўні: калі чалавек трапіў у цяжкую жыцьцёвую сытуацыю і яму трэба знаходзіць сілы, натхненьне і заставацца сабой.

Адна з такіх стужак — фільм Марыі Змаж-Качановіч «Міхнік: „Будзь рэалістам, патрабуй немагчымага“» — пра дысыдэнта, заснавальніка і галоўнага рэдактара «Gazety Wyborczej». Адам Міхнік прыедзе ў Менск на сустрэчу з гледачамі.

Таксама будзе стужка нашай беларускай рэжысэркі Анастасіі Мірашнічэнкі «Дэбют» — пра тэатральны праект у гомельскай жаночай папраўчай калёніі.

Адкрываць фэстываль будзем вельмі цікавай стужкай «Белы сьвет вачыма Далібарка» — гэта пра нэанацыста. І тут будзе дыскусія — ці варта стаяць на сваім. Карацей, з розных бакоў будзем гэты лёзунг абмяркоўваць.

Будзе фільм пра «ікону» ірляндзкага супраціву, жанчыну — жаўнера ІРА, якую застрэлілі — «Марэд Фэраль: няскончаная размова». На дыскусію прыедзе Лоўрэнс Макк’ёўн, ірляндзкі пісьменьнік, драматург, сцэнарыст, які ў 17 гадоў стаў добраахвотнікам Часовай Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, быў арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

4. Ці ёсьць наагул у сьвеце і ў Беларусі цікавасьць да дакумэнтальнага кіно? Тым больш тэматыка Watch Docs даволі спэцыфічная — правы чалавека.

— Watch Docs Belarus — адзіны фэстываль у краіне, на якім паказваюць толькі дакумэнтальнае кіно. На ўсіх іншых — альбо мастацкае гульнёвае кіно, альбо і мастацкае, і дакумэнтальнае (да прыкладу, на «Лістападзе»).

Што тычыцца цікавасьці да дакумэнтальнага кіно, я магу сказаць па назіраньні за іншымі краінамі. У Польшчы ёсьць Watch Docs, ва Ўкраіне — Docudays UA. Гэта фэстывалі, дзе паказваюць дакумэнтальнае кіно па правах чалавека. 10 гадоў таму, калі я ўпершыню была на Watch Docs, назірала паўпустыя залі. На сёньняшні дзень — чарга. Тое самае і ва Ўкраіне, я 8 гадоў запар ежджу на фэстываль Docudays UA, дзе цяпер ужо ўводзяць квіткі, бо залі ня могуць умясьціць усіх ахвотных. Тое самае я назіраю ў Беларусі, з кожным годам усё больш і больш людзей прыходзіць. Мы і ў рэгіёнах арганізуем паказы.

Проста склаўся стэрэатып, што дакумэнтальнае кіно — гэта штосьці сумнае, нецікавае. Вельмі важна адбіраць клясныя стужкі, якія не пакідаюць людзей абыякавымі, з мастацкага боку вельмі цікавыя і моцныя. Мы пільна адбіраем стужкі ў праграму фэстывалю, каб яны і эстэтычна былі вельмі прыгожыя. Мы, арганізатары, каманда, нават паміж сабой кажам: «Мы распавядаем пра правы чалавека праз эстэтыку кіно». Таму цікавасьць да дакумэнтальнага кіно расьце — дзякуючы і нашаму фэстывалю.

5. Ці ёсьць у Беларусі годныя, цікавыя маладыя дакумэнталісты, пераемнікі Віктара Дашука, Юрыя Хашчавацкага, Віктара Асьлюка, іншых мэтраў?

— На мой погляд, будучыня ў беларускага дакумэнтальнага кіно ёсьць. Зьяўляюцца новыя імёны, крэатыўныя пляцоўкі — «Майстэрня сацыяльнага кіно», фэстываль «Bulbamovie». Пра ўсё дакумэнтальнае кіно не магу сказаць, бо я ўсё ж такі спэцыялізуюся на стужках пра правы чалавека.

Беларусь прагучала нядаўна ў Нідэрляндах на IDFA — найбуйнейшым дакумэнтальным кінафэстывалі Эўропы, дзе найлепшым прызнаны фільм Андрэя Куцілы «Сума». Гэта сьведчыць пра тое, што будучыня ў беларускага дакумэнтальнага кіно ёсьць. І стужка Анастасіі Мірашнічэнкі «Дэбют» — узроўню ўсясьветнага кіно. Яна вельмі прафэсійна зробленая. Таму ў мяне вельмі аптымістычны настрой.