Беларусы замежжа: Гэта спроба высьветліць, колькі зарабляеш, і падатак за беларускае грамадзянства

Новая рэдакцыя дэкрэту аб дармаедах закранае вялікую частку грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у замежжы. Каб даведацца, ці лічыць іх дзяржава «дармаедамі», яны павінны прыехаць у Беларусь і зьвярнуцца ў службу «Адно акно» для атрыманьня доступу да «базы дармаедаў».

Апытаньне Свабоды засьведчыла, што беларусы замежжа падзяліліся на тры катэгорыі. Адны вырашылі цалкам ігнараваць новую рэдакцыю дармаедзкага закону, другія зьбіраюць і перакладаюць усе неабходныя дакумэнты і выпраўляюцца зь імі ў Беларусь, трэція чакаюць і вывучаюць, як будзе рэалізоўвацца ініцыятыва ўладаў на практыцы.

Судовая перакладчыца пра неадпаведнасьць дэкрэту Падатковаму кодэксу, недарэчнасьці з апастылем і пячатку перакладчыка

Нават у часе размовы ў праскай студыі Свабоды з судовай перакладчыцай Крысьцінай Шыянок ёй тэлефануюць беларусы Чэхіі з пытаньнямі і просьбамі зрабіць пераклад кантракту. Паводле апошняга перапісу, у Чэхіі стала жыве каля чатырох тысяч беларусаў.

— Беларусы сталі да мяне зьвяртацца каля месяца таму. Я спачатку падумала, што гэта нейкая мясцовая памылка, што ў кагосьці памылкова пачалі патрабаваць працоўныя кантракты. Паводле Падатковага кодэксу, беларусы, якія жывуць у Чэхіі, не зьяўляюцца падатковымі рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь. Выявілася, што ў новай вэрсіі дэкрэту ўвогуле ня згадваецца ніякім чынам падатковае рэзыдэнцтва, а разглядаецца ў першую чаргу працаўладкаванасьць і занятасьць у эканоміцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі сынонімаў мае слова „дармаед“? Моўныя парады міністэрствам працы і падаткаў

Беларусы, якія да мяне зьвяртаюцца, самі ня маюць дакладнага ўяўленьня, якія дакумэнты трэба несьці, і задаюць гэтае пытаньне мне. Я, як судовая перакладчыца, на жаль, не магу сказаць, як павінен выглядаць першасны дакумэнт, які будзе перакладацца. Няма дакладнай інфармацыі пра фармальныя патрабаваньні да арыгіналу дакумэнтаў. Ці гэта павінен быць кантракт з пячаткамі, ці дастаткова, каб там былі подпісы, ці трэба іх натарыяльна завяраць, ці павінны гэта быць сіняя асадка, а можа, чорная.

Калі дакладна прапісаных афіцыйных патрабаваньняў няма, атрымліваецца, што хто заўгодна з кім заўгодна можа заключыць працоўную дамову і выдаваць яе за арыгінальную сапраўдную працоўную дамову. А мне як судовай перакладчыцы нічога не застаецца, як такі дакумэнт перакласьці.

Форма заявы для «не занятых у эканоміцы», якія хочуць давесьці адваротнае і не плаціць камунальныя паслугі з падвышаным каэфіцыентам.

Некаторыя кліенты, якім я ўжо зрабіла пераклады кантрактаў, выправіліся зь імі ў Беларусь, наведалі мясцовыя выканкамы па месцы прапіскі ў Беларусі. Вось адзін водгук удзельніцы fb-суполкі беларусаў Чэхіі:

«Сёньня асабіста аднесла перакладзены працоўны дагавор. Запоўніла заяву. Дагавор пагарталі, паглядзелі на пячатку і на тэкст пра перакладчыка. Нічога не запыталі. Працэдура з запаўненьнем заявы доўжылася 7 хвілінаў. Сказалі чакаць, паабяцалі даслаць адказ, выкрасьлілі мяне са сьпісу ці не».

«Адзіная круглая пячатка на гэтым дакумэнце, якая стаяла, гэта была мая пячатка»

Пакуль такое ўражаньне, што чыноўнікі самі ня ведаюць дакладна, як павінны гэтыя дакумэнты выглядаць, і ўсё, што іх цікавіць, каб была круглая пячатка, што, па сутнасьці, нонсэнс. Таму што адзіная круглая пячатка на гэтым дакумэнце, якая стаяла, гэта была мая пячатка, але яна ў сваю чаргу сьведчыць толькі пра тое, што пераклад адпавядае арыгіналу. Яна ня сьведчыць, што гэта арыгінальны дакумэнт, што ён сапраўдны. Таксама пакуль я не пачула афіцыйнага тлумачэньня, якія дакумэнты павінны несьці індывідуальныя прадпрымальнікі.

— Вы актыўна кантактуеце зь беларусамі замежжа ня толькі Чэхіі, але і іншых краінаў. Якія агульны настрой? Што яны зьбіраюцца рабіць?

— Беларусы замежжа падзяліліся на некалькі групаў у стаўленьні да новай вэрсіі дэкрэту пра дармаедаў. Ёсьць катэгорыя тых, хто вырашыў ігнараваць; ёсьць тыя, хто пакуль зьбірае інфармацыю, але ня робіць ніякіх актыўных дзеяньняў, даведваецца, што спатрэбіцца і ў якім фармаце. А паколькі поўнай інфармацыі няма і ў саміх чыноўнікаў, то гэтыя людзі проста чакаюць, калі зьявяцца больш падрабязныя зьвесткі. І трэцяя катэгорыя — тыя кліенты, якія ўжо замовілі і атрымалі пераклады і разам зь імі паехалі ў Беларусь. Гэта першыя ластаўкі, спрабую быць зь імі ў кантакце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 вострых пытаньняў да стваральнікаў «базы дармаедаў»

Другі важны момант — гэта апастыль. Тое, што на сайце Міністэрства працы афіцыйна згадалі апастылызацыю бяз больш падрабязнага тлумачэньня, — гэта вялікая памылка. Паміж некаторымі краінамі і Беларусьсю заключаныя двухбаковыя дамовы, якія вызваляюць ад падачы апастылю. Тым ня менш людзі заходзяць на сайт і чытаюць, што адна з формаў — гэта апасталізацыя, і яны патрабуюць гэтай апастылізацыі.

Чыноўнікі ўвогуле не ўлічылі той факт, што апастыль будзе давацца на мове той краіны, дзе ён афармляецца. Адпаведна, калі кліент заверыць подпісы, пячатку перакладчыка формай апастылю, то ён атрымае апастыль зноў жа на мэтавай мове, у нашым выпадку на чэскай. І пойдзе ізноў да гэтага ж перакладчыка. Гэта замкнёнае кола. Таксама не ўлічылі, што апастыль завярае толькі подпіс самога перакладчыка, апастылем немагчыма заверыць подпіс ці пячатку ўстановы, калі гаворка не ідзе пра нейкую дзяржаўную кантору. Калі чалавек працуе ў прыватнай фірме, то подпіс яе дырэктара немагчыма апастылізаваць, таму што гэта не службовая асоба. І гэта вялікая блытаніна.

«Тое, што чалавек жыве за мяжой, аўтаматычна не азначае, што ён тут мае нейкі фінансавы дабрабыт»

— І пераклад кантракту — гэта нятанная працэдура...

— Безумоўна, нятанная. Я стараюся ісьці насустрач і раю кліентам аформіць даведку з працы, каб яны зэканомілі грошы на засьведчаных копіях. Плюс у такіх даведках звычайна менш інфармацыі, чым у кантракце, але, на жаль, ня ўсе працадаўцы згодныя даваць такога кшталту даведкі, і мы ня ведаем дакладна, ці прыме іх камісія ў Беларусі.

Што тычыцца кантрактаў, то ў кагосьці ён на 1 старонку, а ў кагосьці на 20-30. Такія людзі будуць мець даволі вялікія выдаткі. Напрыклад, у Чэхіі, каб засьведчыць старонку з арыгіналу, зрабіць засьведчаную копію, неабходна заплаціць каля 1 эўра. Калі 20 старонак кантракту, то гэта 20 эўра. Плюс умоўная старонка перакладу каштуе ад 10 эўра. Калі памножыць, атрымліваецца даволі сур’ёзная сума, і далёка ня ўсе грамадзяне гатовыя і здольныя яе выдаткаваць. Тое, што чалавек жыве за мяжой, аўтаматычна не азначае, што ён тут мае нейкі фінансавы дабрабыт.

«Указ пра дармаедаў — прававая неспадзяванка»

Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, Вялікабрытанія

— Для нашай сямʼі ўказ пра дармаедаў — гэта ня больш чым прававая неспадзяванка. А таму і разглядаць яго трэба з гэтага ракурсу. Мы рэзыдэнты Вялікай Брытаніі, а тут існуе прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. Гэта значыць, не я павінен даказваць, што невінаваты, а прававая сыстэма павінна даказаць, што я вінаваты. Ну, а беларускім уладным структурам магу толькі пажадаць посьпехаў у падобных доказах.

Дарэчы, я пачаў працаваць з 16 гадоў; жонка Наташа — з 17, як і наша старэйшая дачка. А малодшая дачка — з 13 гадоў, яна самастойна аплачвае дзьве вышэйшыя адукацыі, якія атрымлівае.

Вядома, я разумею, што робяць улады. Гэта спроба прыладзіцца да шэрага рынку, каб атрымліваць зь яго хоць нешта. Але гэта наўрад ці атрымаецца, бо для таго, каб рынак стаў белым і дзяржава атрымлівала зь яго падаткі, трэба стварыць годныя ўмовы для разьвіцьця эканомікі. Але, на жаль, цяперашнія ўлады гэтага рабіць ня хочуць, ды і ніколі ня ўмелі.

«Я не карыстаюся ні мэдыцынай, ні адукацыяй у Беларусі»

Алеся Ляшкова, 14 гадоў жыве ў Чэхіі, працуе ў лягістыцы. Вучылася ў Беларусі, пацьвердзіла беларускі дыплём у Чэхіі

— Павінны прыехаць бацькі ў госьці, буду зь імі абмяркоўваць, што рабіць, тычыцца гэта мяне ці не. Кватэра ў Беларусі ў мяне на дваіх зь сястрой, але прапісаная там толькі я. База дармаедаў з-за мяжы недаступная. Паводле ўладаў, гэта робіцца для таго, каб «дармаеды» пакрывалі выдаткі на мэдыцыну і гэтак далей, чым бясплатна карыстаюцца, але нідзе не працуюць. А як гэта тычыцца тых, хто пражывае за мяжой? Я не карыстаюся ні мэдыцынай, ні адукацыяй у Беларусі.

«І пэнсіі я ў іх не атрымаю. Дык хто каму што вінен?»

Галіна Авярʼянава, ЗША

— Я ў США амаль тры месяцы. Раней працавала ў сфэры гандлю, у войску 8 гадоў. Цяпер у чаканьні «зялёнай карты». Я ўжо дасылала заяву, яшчэ да адʼезду паінфармавала выканкам. У мяне перадпэнсійны ўзрост. Цікава, што пэнсіі я ў іх таксама не атрымаю. Дык хто каму што вінен?

«Выглядае, як спроба ўвесьці падатак за тое, што ты грамадзянін Беларусі»

Яўген Іванюк, ЗША. Жыве ў Злучаных Штатах 7 гадоў, працуе ў ІТ-сфэры

— Гэты дэкрэт закранае канкрэтна мяне, таму што на мяне аформлена частка бацькоўскай кватэры. Паводле новага дэкрэту нібы частку камунальных паслуг давядзецца аплачваць цалкам. Пакуль дамовіліся з бацькамі нічога не рабіць. Калі трэба будзе аплачваць цалкам паслугі, то прасьцей сёлета іх цалкам і аплочваць. На ўсё стаяць лічыльнікі. Самай дарагой будзе аплата ацяпленьня, але ў гэты сэзон застанецца ўсяго адзін ці два месяцы. Таму прасьцей нічога не рабіць і пачакаць, чым кожныя тры месяцы перакладаць паперы і за гэта плаціць.

У прынцыпе, гэта ўсё выглядае як спроба ўвесьці падатак за тое што ты грамадзянін Беларусі. І фармулёўкі самі па сабе фантастычныя — чалавек, не задзейнічаны ў эканоміцы. Калі ты жывеш за мяжой, ты ў любым выпадку не задзейнічаны ў эканоміцы Беларусі. Больш выглядае за спробу высьветліць, чым займаесься за мяжой і колькі зарабляеш.

«Для мяне будзе таньней яшчэ больш дапамагаць бацькам, чым я гэта цяпер раблю»

Міхаіл Хвядчэня, Чэхія. Гісторык, які працуе ў IT-сфэры

— Жыву ў Чэхіі сёмы год. Вучыўся, цяпер працую. У Беларусі засталіся бацькі. Я прапісаны ў бацькоў у Смалявічах. Ня ведаю, што рабіць далей, таму што тэарэтычна, калі я там прапісаны, яны будуць больш плаціць за кватэру. Яны ўжо на пэнсіі.

Людзям, якія за мяжой жывуць, атрымаць логін і пароль для ўваходу ў дармаедзкую базу можна толькі ў нейкім «адным акне» па месцы жыхарства. Ці мне зараз у амбасаду ісьці, каб гэта зрабіць? Летась я зрабіў фоткі дыплёма, даслаў на нейкі мэйл, і сказалі, што я не дармаед. А цяпер я ня ведаю, дармаед я для іх ці не. Пагляджу, што будзе далей. Зрабілі значна цяжэй для людзей. На пераклад трэба шмат часу і грошай. Пагляджу, колькі бацькі будуць плаціць. Можа, для мяне будзе таньней яшчэ больш дапамагаць бацькам, чым я гэта цяпер раблю. Напэўна, гэта будзе мой варыянт.

«Чаму мужы дыпляматак ці жонкі індывідуальных прадпрымальнікаў зьяўляюцца вартымі павышаных тарыфаў?»

Сьвятлана Судноўская, Чэхія

— Ужо некалькі гадоў я пражываю пераважна ў Чэхіі празь сямейныя абставіны, але вельмі часта наведваюся ў Беларусь, дзе зьяўляюся ўдзельніцай даволі вядомага фальклёрнага гурту. Штогод мы прадстаўляем Беларусь у тым ліку на міжнародных фэстывалях, чым я вельмі ганаруся. І мне дзіўна было пачуць, што паводле другой рэдакцыі нашумелага дэкрэту я — падатковая рэзыдэнтка іншай краіны — зьяўляюся для Беларусі яшчэ і «дармаедкай» ды мушу даводзіць адваротнае нашым уладам.

З улікам таго, што сацыяльнымі паслугамі падчас прыездаў у Беларусь я фактычна не карыстаюся, бо наведваю прыватныя мэдыцынскія ўстановы, а выдаткі на пераезды і пражываньне ў Беларусі маю немалыя, то лічу ўжываньне такога тэрміну ў дачыненьні сябе папросту абразьлівым і прынцыпова не жадаю дзяліцца асабістай інфармацыяй з аўтарамі гэнага дэкрэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як даведацца, што вы «дармаед», і як даказаць адваротнае

У сваю чаргу мяне цікавіць яго прававая ацэнка на адпаведнасьць нашай Канстытуцыі, асабліва ў частцы ўдакладненьняў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, агучаных міністаркай Ірынай Касьцевіч, дзе заснавальнікаў прадпрыемстваў і жонак дыпляматаў ня будуць лічыць не занятымі ў эканоміцы. Цікава, чаму тады мужы дыпляматак ці жонкі індывідуальных прадпрымальнікаў, напрыклад, паводле аўтараў дэкрэту зьяўляюцца вартымі павышаных тарыфаў ды іншых магчымых спагнаньняў? Такія спробы сацыяльнага падзелу грамадзтва папросту абуральныя, і я спадзяюся на чарговую адмену недарэчнага закону.

«Ужо зьвязалася з камісіяй у Заводзім раёне Менску»

Аксана Сьцепанеева, ЗША.

— Я зьяўляюся ўласьніцай дзьвюх кватэраў. Ужо зьвязалася з камісіяй у Заводзім раёне Менску з просьбай патлумачыць, ці дастаткова будзе падаваць дадзеныя ў адну з камісій (кватэры тэрытарыяльна знаходзяцца ў розных гарадах), ці прымуць яны даведку ад працадаўцы (Employment verification) замест кантракту, папяровай копіі кантракту ў мяне па вызначэньні няма (Employment is at will and is not for any specified term), і які фармат даведкі будзе прымальны. Чакаю адказу кампэтэнтных органаў.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?