Грамадзкае абʼяднаньне «Белая Русь» адказала на зварот менчука Яўгена Ліпковіча. Апошні прапанаваў арганізацыі падтрымаць пэтыцыю аб зносе ў Менску скульптуры «Менскі гарадавы».
На момант публікацыі пэтыцыю падпісалі больш за 2600 разоў.
Адказ на зварот Ліпковіча напісаў намесьнік старшыні «Белай Русі» Сяргей Пігараў, падпісаў — старшыня арганізацыі Генадзь Давыдзька.
Паводле задумы мастака Пятра Лабковіча, скульптуру зрабілі па здымку сапраўднага менскага гарадавога, гаворыцца ў адказе «Белай Русі».
«Сабачка побач з паліцэйскім — бяздомны, ён знайшоў абарону ў служыцеля вартавога парадку. Мы мяркуем, скульптура „Менскі гарадавы“ безумоўна зьяўляецца дэкаратыўным архітэктурным абʼектам і носіць жанравы характар. Яе можна назваць правобразам сучаснага беларускага міліцыянта, сымбалем парадку і спакою на вуліцах гораду, што зьяўляецца неаспрэчнай заслугай беларускай міліцыі», — напісана ў адказе на зварот.
Што важна ведаць: інцыдэнты са скульптурай «Менскі гарадавы»
Скульптура «Менскі гарадавы» зьявілася ў Менску ў 2017 годзе, аўтар — мастак Пятро Лабковіч.
Пэтыцыю за знос скульптуры ў сьнежні 2018 году падпісалі больш за 2600 разоў.
Менчукоў неаднаразова затрымлівалі нават за фота з гарадавым ці за накінуты на яго шалік.