Надзея Саўчанка абвясьціла сухую галадоўку

Народны дэпутат Надзея Саўчанка абвясьціла сухую галадоўку. Яна заявіла, што на яе ціснуць сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны, паведамляе hromadske.ua.

Саўчанку падазраюць у дзеяньнях, накіраваных на гвалтоўнае зьмяненьне або зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады.

«Сьледчыя СБУ шантажуюць і ціснуць на народнага дэпутата, патрабуючы неадкладнага азнаямленьня з матэрыяламі справы, каб неадкладна прыступіць да разгляду справы па сутнасьці. У абмен на магчымасьць бачыцца з роднымі, памочнікамі, аднавіць электронныя ключы, адкрыць рахунак у банку для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве на яе старонцы ў Facebook.

Саўчанка заявіла, што галадаць, пакуль ёй не забясьпечаць правы і свабоды ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй.

«Шкода майму здароўю будзе на сумленьні тых сьледчых, якія на мяне ціснуць такімі мэтадамі. Калі пайшлі такія пагрозы ў стадыі сьледзтва — то што будзе далей? Зараз пайшоў прамы ўльтыматум: або адвакаты падпісваюць азнаямленьне са справай, або яны перакрываюць доступ да ўсяго », — заявіла Саўчанка на судзе.

23 сакавіка 2018 Надзею Саўчанку ўзялі пад варту на 2 месяцы без магчымасьці закладу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве прадэманстравалі маштабы наступстваў тэрактаў, які рыхтавала Надзея Саўчанка. ВІДЭА