Затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», адзін зь лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель, паведамляе Charter97.org.
Як паведаміў «Хартыі» каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Яўген Афнагель знаходзіцца ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі Менскага раёну.
Кацярына Людвіг, жонка Яўгена Афнагеля, распавяла Свабодзе пра абставіны затрыманьня мужа.
«Гэта адбылося пад Менскам у Калодзішчах, дзе мы будуем дом. Тут у Калодзішчах ёсьць вытворчасьць, дзе вырабляюць і прадаюць мэталічныя лісты для варот. Мы з мужам прыехалі туды і набылі на складзе гэтыя лісты. Я была за стырном, а муж разьлічваўся, таму я дакладна ня ведаю, колькі гэта каштавала. Чэка ці нейкага дакумэнта на куплю ў яго, відаць, няма, але мы дакладна набылі тыя лісты за грошы. А як выяжджалі, раптам зьявіліся супрацоўнікі зь відэакамэрамі, назваліся крымінальным вышукам і сказалі, што мы затрыманыя, бо нібыта скралі тыя лісты», — сказала Кацярына.
Паводле яе, цяпер Яўген Афнагель у Бараўлянскім аддзеле міліцыі. Яму ставяць у віну «крадзеж» тавараў, набытых на будаўнічым рынку.
Па словах Кацярыны Людвіг, у РАУС прывезьлі прадпрымальніка, у якога яны купілі тавары. Цяпер яго прымушаюць даваць паказаньні супраць Афнагеля.
Яўген Афнагель назваў гэта правакацыяй з мэтай сфабрыкаваць крымінальную справу супраць яго.