«Дармаедам», якія дакажуць, што яны «занятыя ў эканоміцы», будуць рабіць пераразьлік аплаты за камунальныя паслугі. Свабода высьвятляла, як будзе працаваць гэты мэханізм.
Міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касьцевіч сказала ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», што «пераразьлік прадугледжаны, гэты мэханізм будзе працаваць».
Як гэта будзе адбывацца, карэспандэнту Свабоды не патлумачылі ні ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, ні ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч паабяцаў даць тлумачэньне, але на момант публікацыі мы гэтай інфармацыі не атрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За гарачую ваду і цяпло «дармаедам» давядзецца плаціць у 5 разоў большУ сярэдзіне лютага тыя «дармаеды», хто плаціць за жыльлёва-камунальныя паслугі (то бок ёсьць уласьнікам жытла), атрымаюць жыроўкі, у якіх плата за гарачае водазабесьпячэньне будзе налічана па стопрацэнтным тарыфе. Паводле папярэдніх разьлікаў, яны вымушаныя будуць плаціць у пяць разоў больш, чым астатнія ўласьнікі жыльля.
З 1 кастрычніка 2019 году «дармаеды» гэтаксама на 100% будуць плаціць за забесьпячэньне газам (пры наяўнасьці індывідуальных ацяпляльных прыбораў) і цяплом. Як будзе налічвацца плата з улікам усіх зарэгістраваных у кватэры грамадзянаў, вызначана ў пастанове ўраду № 315.
Грошы вернуць, але як — невядома
Начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксьціловіч не адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды, за які пэрыяд вернуць пераплату за камунальныя паслугі, калі чалавек дакажа, што быў «заняты ў эканоміцы», напрыклад, у трэцім месяцы квартала. І ці можна атрымаць гэтыя грошы наяўнымі? Асобнай інструкцыі тут не існуе.
«Ёсьць парадак правядзеньня пераразьлікаў: калі вам налічылі неправамерна, то зьвяраюць лічбы. Калі нешта няправільна налічана, зробяць пераразьлік. Указваюць у жыроўцы, на якую суму па якой пазыцыі зроблены пераразьлік. Якая тут павінна быць дадатковая інструкцыя? Грошы вернуць», — сказаў Аксьціловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянаў, якія сплацілі падаходны падатак, залічылі ў дармаедыЯк будуць абнаўляць базу дармаедаў?
Паводле міністаркі Ірыны Касьцевіч, база дармаедаў, якая «запушчана ў прамысловую эксплюатацыю» 1 сьнежня, будзе абнаўляцца раз на квартал.
«Тэхналёгія актуалізацыі базы дадзеных закладзеная ў штоквартальным рэжыме. Па меры разьвіцьця інфармацыйных рэсурсаў, па меры іх удасканаленьня, канечне ж, правільна пераходзіць на больш актуальны рэжым яе абнаўленьня».
Міністарка паабяцала бліжэйшым часам перайсьці «на штомесячны рэжым, потым, магчыма, наогул на онлайн-рэжым».
«Але гэта ўсё залежыць ад таго, як хутка і актыўна будзе разьвівацца інфармацыйны рэсурс», — сказала Ірына Касьцевіч.
Інфармацыя пра дармаедаў будзе накіроўвацца для налічэньня платы за камунальныя паслугі. Як вызваліцца ад аплаты па поўным тарыфе?
Дармаеда вызваляць ад поўнай аплаты паслуг па заяве
«Дармаед» павінен прынесьці або даслаць у камісію па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва, якая створана мясцовай адміністрацыяй, дакумэнты, якія пацьвярджаюць яго занятасьць у эканоміцы. І напісаць заяву на імя старшыні камісіі, у якой ёсьць такая фармулёўка: «Прашу вызваліць мяне (члена маёй сям’і) ад аплаты паслуг з пакрыцьцём затрат па прычыне…».
Пасьля гэтага камісія прыме рашэньне. Калі яно не задаволіць грамадзяніна, ён можа яго абскардзіць у вышэйшым органе.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.