Расея павінна адпусьціць украінскіх маракоў, арыштаваных пасьля інцыдэнту ў Керчанскім праліве. У адваротным выпадку Маскву чакаюць «наступствы». Гэта ня тое пытаньне, якое пакіне зону ўвагі Вашынгтону, заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША.
Злучаныя Штаты будуць «павышаць цану», якую Расеі «давядзецца заплаціць», дадаў ён.
У Дзярждэпартамэнце ЗША таксама заклікалі Эўразьвяз адмовіцца ад «Паўночнага патоку — 2» праз інцыдэнт у Керчанскай пратоцы і наступны арышт украінскіх маракоў. Чым больш газавай інфраструктуры Эўропа будзе мець у абыход Украіны, тым слабейшыя сродкі застрашваньня і стрымліваньня расейскай ваеннай агрэсіі, лічаць у амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Расея мусіць вярнуць Украіне караблі і маракоўНапярэдадні начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка ацаніў ваенную пагрозу з боку Расеі як найбуйнейшую з 2014 году.
«Перад намі агрэсар, у якога няма ні прававых, ні маральных, ні іншых рамак. Вельмі складана прадказаць, калі яму ўздумаецца пачаць актыўныя баявыя дзеяньні супраць Украіны», — заявіў Мужэнка ў інтэрвію агенцтву Reuters.
У сувязі з гэтым ён таксама адзначыў рэзкае павелічэньне расейскай танкавай групы на мяжы з Украінай. Паводле ягоных зьвестак, за 2 тыдні яна павялічылася больш удвая — з 93 да 250 машын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Расея не прыняла заходніх каштоўнасьцяў свабоды і міжнароднага супрацоўніцтва25 лістапада расейскія памежнікі ля берагоў анэксаванага Крыму пратаранілі, абстралялі, а затым захапілі тры судны вайскова-марскіх сіл Украіны. Масква сьцьвярджае, што караблі парушылі дзяржаўную мяжу Расеі, Украіна назвала дзеяньні Расеі «адкрытай ваеннай агрэсіяй». Пазьней расейскі суд арыштаваў 24 украінскіх маракоў на два месяцы праз абвінавачваньне ў незаконным перасячэньні мяжы. Ім пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.
Лідэры заходніх краін патрабуюць ад Расеі неадкладнага іх вызваленьня.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.