Раніцай 5 сьнежня рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб атрымала SMS з суда Савецкага раёну Менску.
Аксана Колб паведаміла Свабодзе, што яе выклікалі на 17 сьнежня ў «суд у якасьці адказчыка паводле пазову Леаніда Зайдэса па абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды».
Сам пазоў 4 сьнежня быў накіраваны ў рэдакцыю поштай, паведамілі ў судзе галоўнай рэдактарцы «Новага часу». Яна мяркуе, што пазоў Зайдэса зьвязаны з асьвятленьнем газэтай канфлікту вакол рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай ля ахоўнай зоны Курапатаў.
«Будзем бараніць сябе і незалежную журналістыку наагул, мы перакананыя, што ў нас усё правільна. Думаю, што гонару і годнасьці ў гэтага чалавека няма, калі пачаліся падзеі вакол рэстарацыі. Тым больш, што мы выйгралі суд паводле аналягічнага пазову Ізраілевіча», — распавяла Свабодзе Аксана Колб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд не задаволіў пазоў бізнэсоўца Ізраілевіча да «Новага часу» і журналіста ІвашынаРаней на газэту «Новы час» ужо падаваў у суд бізнэсоўца Аркадзь Ізраілевіч. Ён праз суд спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці газэту «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына за зьнявагу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай стала журналісцкае расьсьледаваньне пра будаўніцтва пад Менскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплексу «Поедем поедим».
На думку Ізраілевіча, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў праз суд апублікаваць зьняпраўджаньне і спагнаць зь незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу рублёў зь Дзяніса Івашына за «маральную шкоду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактарка «Новага часу»: «Я сустракалася з Ізраілевічам, але ён адмовіўся ад «міравой»10 верасьня Савецкі раённы суд Менску, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча. Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго, а частка фразаў увогуле ня тычыцца Ізраілевіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура адклікала пратэст на судовае рашэньне ў справе Ізраілевіча супраць газэты «Новы час»