Названы найлепшы беларускі футбаліст году

Ігар Стасевіч

Паўабаронца нацыянальнай зборнай Беларусі і барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч прызнаны лепшым футбалістам Беларусі 2018 года, перадае БЕЛТА.

Такі вынік традыцыйнага выніковага апытаньня, у якім прынялі ўдзел беларускія спартыўныя журналісты і футбольныя спэцыялісты. Сваю ўзнагароду ляўрэат атрымаў сёньня на цырымоніі падвядзеньня вынікаў футбольнага сэзона «Зорны мяч — 2018» у Менску.

Ігар Стасевіч, якому ў кастрычніку споўнілася 33 гады, у другі раз стаў лепшым футбалістам Беларусі — упершыню гэта адбылося ў 2015 годзе. Акрамя таго, капітан БАТЭ трэці сэзон запар прызнаны лепшым гульцом нацыянальнага чэмпіянату і чацьвёрты — лепшым паўабаронцам краіны.