Амэрыканскі часопіс «Forbes» назваў 100 самых уплывовых жанчын сьвету. Восьмы год запар першая ў сьпісе — канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль.
На другой пазыцыі — прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй. Складальнікі рэйтынгу тлумачаць, што другое месца Мэй утрымала дзякуючы сваёй пасьлядоўнай пазыцыі на перамовах па выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ.
У рэйтынгу зьмяніўся ўладальнік трэцяй пазыцыі — гэта дырэктар Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысьцін Лягард, яна зьмяніла Мэлінду Гейтс. Жонка заснавальніка Microsoft і сустаршыня дабрачыннага фонду Gates Foundation, перамясьцілася ў гэтым годзе на шостую пазыцыю. У «Forbes» адзначылі, што гэта адбылося з прычыны росту ўплыву МВФ у сьвеце.
Першая дваццатка ў складзеным «Forbes» сьпісе ўключае ў асноўным кіраўнікоў буйнога бізнэсу. Сярод іх — генэральная дырэктарка амэрыканскага вытворцы аўтамабіляў General Motors Мэры Бара (4-е месца), галоўны выканаўчы дырэктар Youtube С’юэен Вайчыцкі (7-е месца) і старшыня рады дырэктараў фінансава-крэдытнай групы Santander Ана Боцін (8-е месца).
Больш за палову пазыцый у сьпісе займаюць амэрыканкі. Прадстаўніц Азіі — 22, а Эўропы — 24. У сьпіс таксама патрапілі тры жанчыны з Блізкага Ўсходу і адна з Афрыкі. Беларусак няма.