Партыя Мікалая Статкевіча апублікавала праект праграмы «Беларусь, якую мы пабудуем». У праекце падрабязна апісваюцца зьмены, якія «Народная грамада» хоча правесьці пасьля прыходу да ўлады.
Партыя Статкевіча, дарэчы, адмовілася ад дадатковай назвы «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя». Цяпер яна называецца проста «Народная грамада» і пазыцыянуецца як «партыя сапраўдных сацыял-дэмакратаў».
Праграма складаецца з больш як паўсотні старонак. Пачынаецца яна з 20 тэзісаў беларускай сацыял-дэмакратыі пра агульны намер пабудаваць багатую, бясьпечную і справядлівую дзяржаву пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй».
Праграма закранае ўсе аспэкты дзяржаўнага жыцьця: палітыку, эканоміку, адукацыю, войска, ахову здароўя, культуру. Коратка пра галоўнае:
Дэбюракратызацыя
- Скароцяць колькасьць міністэрстваў і дзяржаўных службоўцаў
- Чыноўнікаў пазбавяць прывілеяў і льготаў
Электронная дзяржава
- Абарачэньне дакумэнтаў пяройдзе ў сеціва
- Галасаваць на выбарах можна будзе праз інтэрнэт
- ID-карта грамадзяніна заменіць усе дакумэнты і дазволіць карыстацца ўсімі дзяржаўнымі паслугамі
Прэзыдэнт і прэм’ер-міністар
- Пераход да парлямэнцка-прэзыдэнцкай дзяржавы з абмежаваньнем паўнамоцтваў прэзыдэнта
- Парлямэнт будзе абірацца паводле зьмешанай сыстэмы зь вяртаньнем паўнамоцтваў на ўзор 1996 году
- За мінімум 25% адсутнасьці на працы дэпутатаў будуць пазбаўляць мандату
Судовая ўлада
- Судзьдзі будуць абірацца пажыцьцёва
- Абавязковыя відэазапісы і трансьляцыя адкрытых працэсаў. Іх адсутнасьць будзе падставай для скасаваньня абвінаваўчага прысуду
- Рэабілітацыя асуджаных у палітычных справах і выплата кампэнсацыяў
- Прызнаньне юрысдыкцыі Эўрапейскага суду ў правах чалавека
- Мараторый на сьмяротнае пакараньне
Палітычныя партыі
Адзінай умовай для рэгістрацыі партыі стане наяўнасьць ня менш яктысячы чальцоў і статуту
Выбары
- Выбарчыя камісіі павінны фармавацца з давераных асобаў кандыдатаў і чальцоў партыяў, якія бяруць удзел у выбарах
- Датэрміновае галасаваньне будзе скасаванае
Мясцовае самакіраваньне
- Прамыя выбары мэраў і кіраўнікоў тэрытарыяльных адзінак
- Будзе ўведзены новы адміністрацыйны падзел — на 20–25 земляў
Эканоміка
- Зьмяншэньне падаткаў
- Скасаваньне ліцэнзаваньня ў некаторых галінах
- Маштабная прыватызацыя неэфэктыўных дзяржаўных актываў
Барацьба з карупцыяй
- Атрыманьне хабару высокапастаўленым чыноўнікам будуць прыроўніваць да дзяржаўнай здрады
- Чыноўнікі мусяць даказваць, што маёмасьць набылі законна
- Будзе створаная камісія прымаць скаргі ад насельніцтва
Сельская гаспадарка
- Прыватная ўласнасьць на зямлю
- Прыватызацыя грамадзянамі зямельных участкаў
- Ільготныя крэдыты для фэрмэраў у мэтах куплі або арэнды тэхнікі і абсталяваньня
Энэргетыка
- Буйныя дзяржаўныя інвэстыцыі ў міжнародныя трубаправоды
- Тэрміналы звадкаванага прыроднага газу, напрыклад у Клайпедзкім порце
Адукацыя
- Стыпэндыі не ніжэйшыя за мінімальны памер аплаты працы
- Наведваньне музэяў, канцэртаў, выставаў за дзяржаўны кошт
- Вяртаньне льготнага праезду
- Спыненьне абавязковага разьмеркаваньня
- Дыстанцыйная, хатняя і онлайн-адукацыя
Мэдыцына
- Пераход ад бюджэтнага фінансаваньня да сыстэмы, якая злучае бюджэтнае фінансаваньне і індывідуальнае страхаваньне
- Выбар лекараў ня будзе абмежаваны месцам рэгістрацыі
- Фінансаваньне мэдыцынскіх установаў і заробак лекараў будуць залежаць ад іх наведваньня грамадзянамі
Пэнсіі
- Пэнсійныя выплаты будуць з трох складнікаў: сацыяльная пэнсія, індывідуальны назапашвальны рахунак у дзяржаўным пэнсійным фондзе, добраахвотныя назапашвальныя рахункі ў прыватных пэнсійных фондах.
- Два ўзросты выхаду на пэнсію
- Пры налічэньні працоўнага стажу зноў будуць улічвацца служба ў арміі, вучоба, догляд дзяцей і інвалідаў, праца ў шкодных умовах
Моладзевая палітыка
Спыненьне выдаткаў на праўладныя моладзевыя арганізацыі (БРСМ, піянэры)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сойм, талер, 16 ваяводзтваў, рэстытуцыя і люстрацыя. Што прапануе каманда ПазьнякаЖыльлё
Доля дзяржаўнага арэнднага жыльля будзе павышаная да некалькіх дзясяткаў працэнтаў жыльлёвага фонду
Экалёгія
- Будзе спыненае выкарыстаньне радыяактыўна забруджаных тэрыторыяў у сельскай гаспадарцы
- Зьмяншэньне долі вугалю, торфу і нафтапрадуктаў у энэргетыцы
Свабода слова
- Правы чыноўнікаў у дачыненьні да СМІ будуць абмежаваныя
- Дзяржаўныя СМІ стануць грамадзкімі
- Паведамляльны прынцып арганізацыі мітынгаў і дэманстрацыяў у цэнтрах гарадоў
- У цэнтрах гарадоў будуць вылучаныя свабодныя зоны на ўзор лёнданскага Гайд-парку. У Менску — плошча Свабоды
Мова і нацыянальная палітыка
Рэальная роўнасьць у правах расейскай і беларускай моваў
Чыноўнікі будуць здаваць экзамен на валоданьне абедзьвюма мовамі
Рэлігія
З рэлігійных арганізацыяў будуць браць падатак за эканамічную дзейнасьць
Роўнасьць полаў
Сьпіс даступных для жанчын прафэсіяў будзе пашыраны, акрамя тых, якія наносяць шкоду менавіта жаночаму здароўю, напрыклад, рэпрадукцыйным функцыям
Праваахоўныя органы
- Скарачэньне колькасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў на 50%
- Пакараньне адказных за палітычныя рэпрэсіі
Спэцслужбы
- КГБ зьменіць назву на Службу бясьпекі Беларусі
- Пераатэстацыя супрацоўнікаў КГБ і скарачэньне складу
- Расьсьледаваньне палітычных справаў
- Рассакрэчваньне інфарматараў КГБ, залучаных у палітычны перасьлед
Ваенны нэўтралітэт
Пытаньне аб уступленьні ў міждзяржаўныя палітычныя аб’яднаньні можа вырашацца толькі на рэфэрэндуме пад міжнародным кантролем
Беларусь і Расея
Вайсковыя аб’екты РФ у Беларусі па заканчэньні тэрміну дзеяньня дамоваў арэнды павінны быць закрытыя
Беларусь і Эўропа
- «Супраць бяздумнага капіяваньня эўрапейскіх практык і навязваньня іх нашаму народу»
- Вывад эканомікі Беларусі на рынкі краін ЭЗ
Войска
- Выдаткі на войска не павінны быць ніжэйшыя за 2% ВУП
- Усеагульны прызыў у войска
- У кожным раёне краіны таксама будуць створаныя падразьдзяленьні тэрытарыяльнай абароны
Аўтары праграмы заклікаюць далучацца да публічнага абмеркаваньня на форуме партыйнага сайту. Заўвагі абяцаюць улічыць і потым прапануюць дакумэнт у якасьці агульнай праграмы Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу.