Дакумэнтальны аповед пра старых, што на зіму пераяжджаюць у спэцыяльны дом сэзоннага пражываньня, каб дачакацца цеплыні і вярнуцца дахаты, у фільме «Перазімаваць» Эвы-Кацярыны Махавай абарочваецца прытчай аб старасьці, адзіноце і жыцьці, у прыватнасьці, жыцьці ў Беларусі.
Заняпалыя інтэр’еры вясковых хатак, дрэнна прыклееныя шпалеры, абы якая мэбля, чорна-белыя партрэты на сьценах, бульба ў мяхах — усё гэта старыя пакідаюць, каб перамясьціцца ў падрыхтаваны для іх дом з гарачай ежай і тэлевізарам. У мінулым у іх прымусовая праца ў Нямеччыне, запрэжаныя ў павозку яўрэі, пахаваньне дзяцей, а ў сучаснасьці — маўклівыя будні і расейскія тэлеканалы. Магчыма, гэтыя шпалеры будуць і ў нашай будучыні таксама.
«Перазімаваць» — той самы дакумэнтальны фільм з Нацыянальнага конкурсу «Лістапада», аўтары якога адмовіліся ад удзелу ў праграме і паказаў на пляцоўцы кінафэстывалю, даведаўшыся пра цэнзуру Міністэрства культуры.
Апавяданьне пра адно – да немагчымасьці цягучае, пустое і бязьдзейнае дажываньне
Вілейскі раён. Камэра пачынае сачыць за героямі з моманту, калі сваякі забіраюць і вязуць іх у дом сэзоннага пражываньня. Тут апынаецца некалькі жыхароў, у тым ліку тыя, хто сустракаецца ў гэтых сьценах не ўпершыню, а пры раставаньні выцірае сьлёзы. Некаторых у выніку забіраюць, нехта зьяўляецца новы, нехта вяртаецца дахаты, а нехта едзе ў дом для састарэлых, алё ўсё паўтарагадзіннае апавяданьне галоўным чынам пра адно — да немагчымасьці цягучае, пустое і бязьдзейнае дажываньне.
У гэтай прасторы — амаль увесь час мы знаходзімся ў Доме — час і рухі запавольваюцца, зрэдку гучыць чалавечы голас, адчуваецца закінутасьць і безжыцьцёвасьць вясковых вуліц, самога збудаваньня і старэчых душ. Рэжысэрка паказала зіму ў прамым і пераносным сэнсах: што і хто б ні быў на экране — звычайны абед ці Вялікдзень, стары ці маладая жанчына — карціна будзе трансьляваць завіслую зьмярцьвеласьць, быццам паўзу ў чаканьні канца жыцьця. Не сумняюся, што героі і так ня скокамі займаюцца, але аўтары яшчэ больш расьцягваюць іх хвіліны, а цішыню робяць яшчэ больш звонкай.
Разважаньне пра жыцьцё і ў пераносным сэнсе нежыцьцё
Фільм зь яго тэмпарытмам, колерамі, зімовай слатой, рэдкімі фразамі і знакамі хвароб, старасьці, заняпаду становіцца больш чым дакумэнтальнай фактурай і жыцьцеапісаньнем зімоўкі пажылых людзей. «Перазімаваць» прэтэндуе на мэдытатыўнае (па кінамове) разважаньне пра жыцьцё і ў пераносным сэнсе нежыцьцё. Пакуль пастаялкі Дома сядзяць на канапе і маўчаць, у гаршку варыцца абед, на бязьлюднай вуліцы — зіма, па тэлебачаньні паказваюць «Давай пажэнімся», бяз слоў запальваецца печ, карціна шматзначна аказваецца больш нерухавай, чым рухавай.
Дарэчы, фільм добра ўпісваецца ў кантэкст беларускага кіно з, можна сказаць, традыцыйным прысьвячэньнем вёсцы, яе зьнікненьню і заняпаду разам з жыхарамі. Нават пераход у іншыя катэгорыі з прыкладна тым жа кірункам — ад здымак дзеля здымак да прыпавесьці і перадачы стану праз візуальны бок — не зьяўляецца вынаходкай Эвы-Кацярыны Махавай, якая і тэму выбрала для нас шаблённую, і праз старэньне/апошнюю зіму/стомленасьць ад жыцьця чарговы раз прымусіла задумацца пра няспраўджаныя надзеі, адзіноту, зьнікаючыя вёскі, будучыню і ўвогуле існаваньне. То бок перайшла зь некалькіх прыватных, пункцірных сюжэтаў на катэгорыі, максымальна глябальныя і мэтафізычныя.
Тое ж самае з апошняга мы бачылі ў рабоце Дзьмітрыя Махамета «Ты сюды больш ня вернесься» пра бабулю, якая жыве ў доме дзяцей, а на цёплы пэрыяд вяртаецца ў родную вясковую хату і спрабуе аднавіць у ёй жыцьцё, якога тут ужо амаль няма. Тыя ж мэдытатыўнасьць, спроба перадаць сэнс праз тэмп і гук, адзіная пэрспэктыва зьнікнуць бясьсьледна.
Рэжысэрка кранае глябальныя катэгорыі з прывязкай да тэрыторыі
Але чым варта адзначыць карціну «Перазімаваць» у гэтым параўнаньні — дык тым, што апроч той унівэрсальнай мэтафізыкі рэжысэрка кранае ня проста глябальныя катэгорыі, а глябальныя катэгорыі з прывязкай да тэрыторыі. Ня проста сталеньне, а сталеньне ў беларускай вёсцы. Ня проста мінулае, а наша мінулае. Не проста кантэкст, а актуальны сацыяльны кантэкст. Даволі адмераная колькасьць адсылак і згадак у спалучэньні з глядацкім бэкграўндам — тут маецца на ўвазе айчынны глядач — нараджае дадатковыя напрамкі для разваг.
Вядома ж, па-іншаму іграюць вечныя тэмы, калі мы можам прыкладна ўявіць ці з уласных ведаў дабудаваць мінулае герояў, да таго ж наноў усьвядоміць, што сьведкі пэўных падзей хутка ўвогуле сыдуць, прычым апошнімі іх днямі будзе маўчаньне ў казённай установе пад голас Ларысы Гузеевай з тэлевізара.
Дзьве знаёмыя зь ліку герояў паходзяць з адной вёскі і пасьля даволі гаротнага жыцьця зноў сустракаюцца ў Доме сэзоннага пражываньня. Дзядуля без анікога з родных не выпускае з рук пульту ад тэлевізара. Іншая пастаялка дрэнна сябе адчувае і марыць аб тым, каб пайсьці з даволі ўтомнага жыцьця.
Драматычнае XX стагодзьдзе канчаецца дрэнна прыклеенымі шпалерамі
Кожнаму зь іх ёсьць, што ўспомніць, — і прымусовую працу ў Нямеччыне, і зьдзекі над яўрэямі, і асабістыя трагедыі, што мільгаюць у фільме толькі ў рэдкіх фразах (а колькі фактаў і гісторый засталіся неагучанымі). У выніку драматычнае XX стагодзьдзе, за якое людзям быццам належыць нейкая маральная кантрыбуцыя, канчаецца дрэнна прыклеенымі шпалерамі, абы якой мэбляй і бульбай у мяхах.
Вось пра гэту трагедыю — чалавека, якому не выпадае нечага безумоўна добрага на працягу жыцьця, і краіны, ня здольнай яго гэтым забясьпечыць, — мова карціны ня проста інфармуе. Фільм праз халодныя колеры, запаволенасьць, некамфортную зіму і сам становіцца скрухай, нейкім журботным рытуалам, ледзь не набажэнствам за мінулае і сучаснае.
Праз рэдкія фразы выяўляецца пакаленьне
Праз тыя рэдкія фразы, што рэжысэрка пакінула ў стужцы, выяўляецца пакаленьне. Пакуль мы абмяркоўваем геапалітыку і палітыку ў дачыненьні да канфлікту паміж Украінай і Расеяй, гераіня карціны проста і непасрэдна пытаецца, а ці лёгка там цяпер украінцам, дэманструючы звычайную чалавечую ацэнку і прызму, пра якую мы, здаецца, надта часта забываем. Выяўляецца надзвычайная простасьць і легкавернасьць, калі дзядуля расказвае сваім суседкам пра дом для састарэлых, куды прыяжджаюць, маўляў, ужо толькі паміраць, а тыя зьдзіўлена слухаюць яго сьпіч і толькі перапытваюцца ды ўздыхаюць.
А побач з простасьцю — жалезныя сэрцы, бо і мінулае ў Нямеччыне, і пакінутасьць дзяцьмі і ўнукамі, і аповед пра «благога чалавека», што запрагаў яўрэяў у сваю павозку, згадваюцца і ўспрымаюцца быццам шараговыя рэчы, нявартыя ні зьдзіўленьня, ні смутку.
Савецкая ўлада, дарэчы, гучыць як нешта лепшае
Бачацца і адносіны да рэлігіі — вера абгрунтоўваецца толькі выхаваньнем, узьдзеяньнем тут сям’і або савецкай улады, але ня ўласным стаўленьнем. І савецкая ўлада, дарэчы, гучыць як нешта лепшае, відаць, таму што за адведзены ёй час пасьпела ў гэтым упэўніць. Паўсюль — абсалютная няхітрасьць, стомленасьць і залежнасьць ад навакольных умоваў, што ў выніку падкрэсьлівае слабасьць звычайнага чалавека, які гатовы ісьці за абставінамі, але пакуль што на гэтай тэрыторыі яны для яго складваюцца не найлепшым чынам.
Гэтае захрасаньне ў бязьдзейнай мэце перазімаваць — што значыць ня проста перажыць зіму, а неяк прабыць, падладзіцца, справіцца з цэлым жыцьцём у прапанаваных абставінах — прыводзіць да вельмі сумнай, але рэальнай высновы: для некага «вясна» так і не наступае.
Адну пастаялку з прычыны хваробы забралі сваякі, адна вярнулася ў пустую хату, а дзядуля, здаецца, трапіў у дом для састарэлых, якім пужаў сваіх суседак.
Ірэна Кацяловіч