Грамадзяне, якія трапілі ў базу незанятых у эканоміцы з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць па поўных тарыфах забесьпячэньне гарачай вадой, а з 1 кастрычніка — газам (пры наяўнасьці індывідуальных прыбораў) і цяплом.
Гэта прадугледжана пастановай Савету міністраў.
Гранічны ўзровень тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі вызначае Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. На 2019 год гэтыя тарыфы яшчэ не зацьверджаныя.
«Згодна з гранічным узроўнем мясцовыя органы ўлады вызначаюць канкрэтны памер тарыфаў», — сказалі ў міністэрстве.
Паводле інфармацыі Менгарвыканкаму, сёлета субсыдыяваны тарыф на цеплазабесьпячэньне — 16,9259 рубля за 1 Гкал. А поўны тарыф, па якім маюць плаціць «дармаеды», сёлета складае 81, 42 рубля за 1 Гкал, то бок у пяць разоў болей.
Тая ж самая сытуацыя з тарыфамі за гарачае водазабесьпячэньне (падагрэў). На гэты год для «дармаедаў» кошт гэтых паслугаў быў бы большы ў 4,8 раза.
Які аб’ём патрачаных гігакалёрый будзе аплачваць «дармаед», калі ў кватэры зарэгістравана некалькі чалавек, патлумачана ў пастанове ўраду №315.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавекРаней прадстаўніца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Жанна Папучэева патлумачыла журналістам, што гікакалёрыі будуць дзяліць на колькасьць зарэгістраваных у кватэры. Напрыклад, на падагрэў вады ў кватэры было патрачана 0,6 гігакалёрыі, а зарэгістравана ў той кватэры ўсяго трое грамадзянаў. Платнік за ЖКП — працаздольны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы.
Расход цеплавой энэргіі, выкарыстанай на падагрэў вады, будзе дзяліцца на колькасьць зарэгістраваных грамадзянаў, г. зн. на траіх. Выходзіць па 0,2 гігакалёрыі. У выніку толькі 0,4 гігакалёрыі будзе аплачвацца паводле субсыдыяванага тарыфу, а 0,2 Гкал — паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянаў, якія сплацілі падаходны падатак, залічылі ў дармаедыДзейныя тарыфы ўведзеныя ўказам прэзыдэнта ад 31 сьнежня 2017 году № 473 «Аб устанаўленьні тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі насельніцтва на 2018 год». Згодна з гэтым указам жыльлёва-камунальныя плацяжы на пачатку гэтага году вырасьлі ў межах 5 даляраў.
Таксама прадугледжвалася, што зацьверджаныя тарыфы дазволяць у 2018 годзе забясьпечыць кампэнсацыю насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыльлёва-камунальных паслуг больш як на 70%.
Каго залічылі ў «дармаеды» і чым гэта пагражае. Сьцісла
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.