Грамадзянаў Беларусі, якія выплачваюць штогадовы падаходны падатак, уключылі ў базу незанятых у эканоміцы. У ранейшым «дармаедзкім» дэкрэце тыя, хто плаціў падаходны падатак, у гэты лік не траплялі.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін. Аднак яна не патлумачыла, зь якой прычыны грамадзяне, якія сплацілі падатак, трапілі ў базу. Колькі ўсяго такіх грамадзянаў? У Мінпрацы пакуль такой лічбы ня маюць.
У ранейшым прэзыдэнцкім дэкрэце № 3 сярод грамадзянаў, якія вызваляліся ад «дармаедзкага» збору, фігуравалі тыя, хто сплаціў
- падаходны падатак зь фізычных асобаў,
- адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў,
- падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня ў памеры ня менш як 20 базавых велічыняў,
- збор за рамесьніцкую дзейнасьць
- і збор за паслугі ў сфэры агратурызму.
Цяпер, паводле пастановы Савету міністраў, да занятых у эканоміцы адносяцца:
- індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія сплачваюць адзіны падатак,
- рамесьнікі, якія сплачваюць збор за рамесьніцкую дзейнасьць,
- грамадзяне, якія здаюць у наём жылыя і нежылыя памяшканьні, машынамесцы (пры ўмове сплаты падаходнага падатку зь фізычных асобаў ад такога даходу).
У гарадзкіх службах «Адно вакно» і ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг у Менску выдаюць паролі і лагіны ад асабістага кабінэта на Адзіным партале электронных паслуг, які дае магчымасьць праверыць, уключаны ты ў «базу дармаедаў» ці не.
Спраўдзіць, ці ўключаны грамадзянін у базу, можна таксама ў мясцовай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. У такой камісіі, якая створаная ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску, паведамілі, што грамадзянін, які трапіў у базу нягледзячы на тое, што сплаціў падаходны падатак, павінен прадставіць копію кантракту ці дамовы альбо іншыя пацьвярджальныя дакумэнты, адпаведна завераныя і перакладзеныя на беларускую ці расейскую мову.
«Чым хутчэй вы гэта зробіце, тым лепш», — сказалі ў камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як даведацца, што вы «дармаед», і як даказаць адваротнаеПра тое, што грамадзянін знаходзіцца ў «базе дармаедаў», яму паведамяць у любым выпадку.
«Пакуль ня вызначана, якім чынам, бо па Фрунзенскім раёне Менску ў базу трапілі ўсяго каля 20 тысяч чалавек», — сказалі ў камісіі.
«Кожнага праінфармуюць, што ён уключаны ў базу, і для гэтага будуць скарыстаныя розныя спосабы. Могуць нават прыйсьці дахаты і паведаміць. У лютаўскай жыроўцы будзе таксама ўказана, што такі грамадзянін аплачвае пэўную жыльлёва-камунальную паслугу па поўным тарыфе», — сказала Вольга Шцін.
Каго залічылі ў «дармаеды» і чым гэта пагражае. Сьцісла
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.
ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?