Па стане на 2018 год у Беларусі зарэгістравана 31,7 тысячы дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце ад нараджэньня да 18 гадоў.
Такія зьвесткі з нагоды міжнароднага Дня інвалідаў, які адзначаецца 3 сьнежня, паведаміў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі Мустафа Сарвар Рашэд.
Паводле сёлетняга дасьледаваньня, якое зрабілі на грошы і з удзелам экспэртаў ЮНІСЭФ, кожнае пятае дзіця-інвалід ва ўзросьце ад 3 да 17 гадоў пакутуе на псыхічнае расстройства.
Псыхічныя расстройствы (20%) зьяўляюцца другім пасьля парушэньня апорна-рухальнага апарату (31%) фактарам інваліднасьці дзяцей.
Папярэдняе такое дасьледаваньне праводзілі ў 2011 годзе. Сем гадоў таму паказчык хворых на псыхічнае расстройства дзяцей-інвалідаў быў удвая меншы — 10 працэнтаў.
Паводле вынікаў сёлетняга дасьледаваньня, 12% дзяцей-інвалідаў не ахопленыя адукацыяй. Кожнае трэцяе дзіця-інвалід мае праблемы з заняткамі фізкультурай. Як лічыць спадар Рашэд, адсутнасьць магчымасьці заняцца фізкультурай прымушае дзяцей заставацца дома, і гэта таксама кепска ўплывае на псыхічны стан дзяцей.