Усяго ўкраінскія памежнікі разьвярнулі 228 расейцаў, якія ехалі празь Беларусь.
За тыдзень ва Ўкраіну не змаглі трапіць 189 грамадзянаў Расеі, якія ляцелі празь Менск. Пра гэта паведамляе «Интерфакс-Запад» са спасылкай на прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антона Бычкоўскага.
Усяго ўкраінскія памежнікі не прапусьцілі на сваю тэрыторыю 228 расейскіх грамадзян, якія ехалі празь Беларусь, адзначыў Бычкоўскі.
У наземных зносінах ва Ўкраіну празь Беларусь не прапусьцілі толькі 39 чалавек за тыдзень.
Украіна на час дзеяньня ваеннага становішча забараніла ўезд у краіну для мужчын – грамадзянаў Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
Грамадзяне РФ часта выкарыстоўваюць авіярэйсы ва Ўкраіну празь Менск, бо авіязносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай наўпрост няма.
У 10 абласьцях Украіны абвешчана ваеннае становішча, якое працягнецца з 26 лістапада да 26 сьнежня. Ваеннае становішча было ўведзена ў сувязі з захопам 25 лістапада вайскоўцамі Расеі трох украінскіх вайсковых суднаў у Керчанскай пратоцы.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.