Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што дзеяньні Расеі, накіраваныя супраць Украіны ў Керчанскай пратоцы былі адзінай прычынай адмовы прэзыдэнта Дональда Трампа ад сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у кулюарах саміту G20, які праходзіць у Буэнас-Айрэсе.
У суботу, 1 сьнежня, у інтэрвію карэспандэнту CNN Вольфу Бліцэру Пампэо падкрэсьліў, што Трамп адмовіўся ад чаканай сустрэчы «таму, што паводзіны расейцаў супярэчаць міжнароднаму праву».
Пры гэтым Пампэо падкрэсьліў, што Расея мусіць вярнуць Украіне караблі і маракоў — і толькі пасьля гэтага пытаньне аб сустрэчы Трампа і Пуціна вернецца на парадак дня. «Трамп спрабуе знайсьці спосаб рухацца наперад у адносінах з Расеяй», — заўважыў, тым ня менш, Майк Пампэо.
Напярэдадні саміту ў Аргентыне прэзыдэнт ЗША адмяніў сустрэчу з Пуціным з прычыны канфлікту ў Керчанскай пратоцы і паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter.
«Улічваючы тую акалічнасьць, што Расея не вярнула караблі і маракоў Украіне, я вырашыў, што для ўсіх зацікаўленых бакоў будзе лепш адмяніць маю сустрэчу з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Аргентыне. Але я буду рады такой сустрэчы, як толькі гэтая сытуацыя вырашыцца», — паведамлялася у блогу прэзыдэнта ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра Пуціна: «Думаю, што ў нас вельмі добрыя адносіны»Сустрэчу Трампа і Пуціна меркавалася правесьці ў кулюарах саміту G20, які стартаваў 30 лістапада ў Буэнас-Айрэсе. Пасьля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы Трамп заявіў, што дапускае магчымасьць адмены сустрэчы, падкрэсьліўшы, што яму «не падабаецца гэтая агрэсія».