Расейскі рок-гурт «Аквариум» скасаваў заплянаваныя на сьнежань канцэрты ва Ўкраіне. «На жаль, з прычынаў форс-мажору наш тур па Ўкраіне цяпер ня можа адбыцца», — напісаў у фэйсбуку ў суботу лідэр гурту Барыс Грабеншчыкоў. Ён выказаў надзею, што «форс-мажор адыдзе ў нябыт», і тур «Аквариума» па Ўкраіне адбудзецца налета.
На частцы тэрыторыі Ўкраіны з 28 лістапада тэрмінам на месяц уведзена ваеннае становішча — у сувязі з захопам Расеяй украінскіх вайсковых караблёў і іх экіпажаў у Чорным моры. На час ваеннага становішча ўведзеныя абмежаваньні для перасячэньня мяжы грамадзянамі Расеі.
У прыватнасьці, паведамлялася, што ўводзіцца забарона на яе перасячэньне для мужчын грамадзянаў Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў. Пасьля ў памежнай службе ўдакладнілі, што іх могуць прапускаць празь мяжу ў асаблівых выпадках, па выніках гутаркі і праверкі дакумэнтаў. Відавочцы сьцьвярджаюць, што празь мяжу не заўсёды прапускаюць і жанчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна забараніла ўезд расейцам-мужчынам. «Белавія» і Беларуская чыгунка прадаюць ім квіткі без абмежаваньняўПаводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, за содні празь мяжу не прапусьцілі каля 100 грамадзян Расеі. Колькі іх прапусьцілі, не паведамляецца. Сьцьвярджаецца, што за гэты самы час у Расею не пусьцілі каля 40 украінцаў, хоць фармальна Расея ня ўводзіла ніякіх абмежаваньняў.
Барысу Грабеншчыкову днямі споўнілася 65 гадоў. З моманту пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе ён некалькі разоў прыяжджаў у Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны з канцэртамі. Лідэр «Аквариума» ўдзельнічаў у маратоне праваабарончай арганізацыі Amnesty International, заклікаючы вызваліць з расейскіх калёніяў украінскіх палітвязьняў Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку.