У першы дзень зімы Свабода запускае праект «Моўныя мапы». Мы пачынаем са слова «холадна». З дыялекталягічных экспэдыцыяў вядома ня менш за 14 розных адпаведнікаў гэтаму слову. Глядзіце якія.
Зьвесткі для мапы мы ўзялі з Дыялекталягічнага атлясу беларускай мовы, які выйшаў у 1963 годзе. Яго склалі пасьля шматлікіх экспэдыцыяў у 1950-я гады. Навукоўцы, выкладчыкі і студэнты абсьледавалі 1174 паселішчы па ўсёй краіне. Яны натавалі, як жыхары гэтых мясцовасьцяў вымаўляюць гукі, якія канчаткі ўжываюць і якімі словамі называюць тыя ці іншыя рэчы. Агулам у Атляс увайшло 338 дыялектных мапаў.
«Як у вас называецца: холадна, студзёна, сіверна?» — такое пытаньне задавалі дасьледнікі гаворак.
Найбольш распаўсюджанае слова — «холадна» і яго варыянты. Таму дыялектолягі зрабілі асобную мапу «Месца націску ў слове холадна».
Ёсьць яшчэ паўтузіна варыянтаў, якія выкарыстоўваюцца поруч са словамі «холадна» і «студзёна», але ў вузейшых значэньнях. Напрыклад — сіверна, зябка, золка, йотка, браскотна і йухо.
Але і гэта ня ўсе варыянты. У апісаньні да мапаў прыводзяцца выразы, якія ня трапілі на мапу: «бальшы холад», «сьцюжа» і «сьцюдзёная надвор’я».
А што кажуць у вашай мясцовасьці пра халоднае надвор’е? Пішыце ў камэнтарах.