Абараніце сваю ДНК цынкам

Харчовыя крыніцы цынку.

З новым тэкстам пра важнасьць разнастайнага харчаваньня на сайце sharecare. com выступаюць дактары мэдыцыны Мэхмэт Оз і Майкл Ройзэн.

Важны эфэкт прамысловага цынку

Усе мы чулі пра ацынкаваны мэтал. Яго вырабляюць шляхам пагружэньня ў расплаўлены цынк. Першы ацынкаваны мэтал быў знойдзены ў калекцыі ваярскіх латаў, вырабленых у Індыі 1680-х гадах.

У наш час у прамысловасьці шырока выкарыстоўваюцца гальванізаваныя цынкам жалеза і сталь. Цынк узмацняе жалезныя канструкцыі і абараняе іх ад карозіі.

Чароўны эфэкт харчовага цынку

Дасьледаваньні паказваюць, што дыетычны цынк валодае аналягічнымі ўласьцівасьцямі. Ён здольны абараніць нас ад пашкоджаньняў ДНК.

Падчас нядаўняга дасьледаваньня ўдзельнікі спажывалі прадукты зь нізкім утрыманьнем цынку на працягу двух тыдняў. Затым іх дыета была зьменена так, каб яны атрымлівалі 6 мг цынку штодзень яшчэ на працягу двух тыдняў. Нарэшце, на працягу апошніх двух тыдняў удзельнікі экспэрымэнту спажывалі 10 мг на дзень.

Навукоўцы выявілі, што пасьля павелічэньня дозы цынку арганізм людзей пачаў значна больш актыўна рамантаваць разрывы ў структуры ДНК. Гэтыя разрывы могуць прывесьці да раку — бо калі ДНК ня можа аднавіць сябе, пашкоджаныя клеткі атрымліваюць магчымасьць размнажацца.

Рамонт ДНК — далёка ня ўсё

Але гэта толькі адна з прычын спажываць прадукты, багатыя на цынк.

Гэты элемэнт дапамагае рэгуляваць імунную сыстэму; дапамагае камунікацыі паміж клеткамі галаўнога мозгу, паляпшае навучаньню і памяці, а таксама спрыяе гаеньню ран за кошт зьмяншэньня акісьляльнага стрэсу.

Найлепшыя крыніцы харчовага цынку

  • Вустрыцы ўтрымліваюць калясальныя 74 мг цынку ў кожных 100 грамах.
  • Паўшклянкі фасолі маюць у сабе 2.9 мг цынку.
  • Столькі ж зьмяшчае ў сабе паўшклянкі нуту або вырабленага зь яго гумусу.
  • 30 грамаў грэцкіх арэхаў або міндалю забясьпечваюць каля 1 мг цынку.

Рэкамэндаваная сутачная доза

  • Для жанчын яна складае 8 мг на дзень.
  • Для мужчын — 11 мг.

Засьцярога

Некаторыя людзі паводле рэкамэндацый лекараў прымаюць харчовыя дадаткі з утрыманьне цынку. Трэба пільнавацца, каб не спажываць больш за 40 мг на дзень.

Занадта вялікія дозы выклікаюць пабочныя эфэкты, напрыклад, праблемы са страваваньнем. Таксама цынк можа ўзаемадзейнічаць з антыбіётыкамі і некаторымі лекамі для лячэньня артрыту.