ЗША, Мэксыка і Канада падпісалі дамову аб свабодным гандлі

Дональд Трамп на цырымоніі падпісаньня.

Лідэры ЗША, Мэксыкі і Канады падпісалі ў Буэнас-Айрэсе, дзе праходзіць саміт «Вялікай дваццаткі», новае пагадненьне аб свабодным гандлі паміж трыма краінамі.

Яно прыйдзе на зьмену Паўночнаамэрыканскаму пагадненьню аб свабодным гандлі (NAFTA), замена якога была адным з перадвыбарчых абяцаньняў Дональда Трампа.

Выступаючы на цырымоніі падпісаньня дамовы, Трамп падкрэсьліў, што яна зьяўляецца справядліваю для ўсіх трох краін, асабліва адзначыўшы меры па абароне інтэлектуальнай уласнасьці і працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт G20 у Аргентыне: у цэнтры ўвагі — «гандлёвыя войны»

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо заявіў, што новая дамова будзе выгадная для сярэдняй клясы і будзе працаваць на людзей.

У цырымоніі ўдзельнічаў і прэзыдэнт Мэксыкі Энрыке Пэнья Ньета — у апошні дзень свайго знаходжаньня на пасадзе.

Перамовы пра новае пагадненьне не абышліся бязь цяжкасьцяў, спачатку ЗША дасягнулі паразуменьня з Мэксыкай і толькі потым — з Канадай.

На саміце G20 чакаюцца перамовы Трампа са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам пра пераадоленьне глыбокіх разыходжаньняў у сфэры гандлю.