«Бліжэй да сьвінкі». Як у Беларусі прасоўваюць нацыянальную гульню французаў

Гульня ў пэтанк

Паказальныя выступы нацыянальных зборных па пэтанку ўключаныя ў культурную праграму ІІ Эўрапейскіх гульняў-2019 у Менску. Тым часам у Беларусі ўжо год дзейнічае Беларуская фэдэрацыя пэтанку і боча. Рэпартаж Свабоды з трэніроўкі аматараў гэтай захапляльнай гульні.

Адна з прыкмет шчасьлівай эўрапейскай сталіцы — купка засяроджаных пэнсіянэраў, якія ў строгім парадку выкладаюць на пясчаных ці травяных пляцоўках жалезныя шары. Чарговаму кідку папярэднічае абмеркаваньне пэрспэктыўнай пазыцыі ці прапушчаны перад тым «галявы» момант. Гэта аматары пэтанку — гульні, да сёньня экзатычнай у Беларусі.

Прапагандыст пэтанку Жан-Поль Бэльмандо

Закінуты цэх аднаго зь менскіх заводаў: энтузіясты самастойна пераабсталявалі яго ў спортпляцоўку. Уздоўж адной са сьцен драўлянай апалубкай адгароджаныя два «басэйны» з друзам. Чалавек дваццаць рыхтуюцца сысьціся ў вочнай спрэчцы: хто спрытней упраўляецца са сталёвым шарам?

«Вэтэран» беларускага пэтанку Сьвятаслаў Любы прыйшоў на гульню ў чырвоным швэдры з «Пагоняй» — так выглядае адзін з камплектаў выязной формы.

Майстар пэтанку Сьвятаслаў Любы

Пра існаваньне «буржуазнай забавы» даведаўся яшчэ ў савецкай Беларусі, а потым стаў адным зь першых яе прапагандыстаў. Кажа, што паваротным пунктам была француская камэдыя Le Magnifique («Цудоўны») з Жан-Полем Бэльмандо ў галоўнай ролі. Здарылася гэта 45 гадоў таму. Аднак толькі ў сярэдзіне 2000-х ён змог патрымаць у руках запаветны шар.

«У фільме ёсьць момант, — згадвае ён. — Затузаны рэдактарам пісьменьнік, якога грае Бэльмандо, забягае ў сквэрык, дзе гуляюць у невядомую мне гульню: кідаюць жалезныя шары. 1973 год! Я паняцьця ня меў пра пэтанк, слова такога ня чуў! Але з таго моманту пачаў шукаць любыя зачэпкі. І якое было зьдзіўленьне, калі ў 2007-м на тэлеканале „Лад“ выпадкова натрапіў на перадачу пра тое, што так да сябе цягнула. Зьяўляюцца тытры: Юры Маркоўскі, старшыня „Клюбу аматараў пэтанку“. Мы зь ім былі добра знаёмыя па футбольных справах, ён працаваў на „Дынама“. Я да яго: „Як жа так?“ — „Дык ты ж ніколі не пытаўся“. І паабяцаў: будзе першы турнір, запрашу».

Празь нейкі час згаданы Юры Маркоўскі арганізаваў і ўзначаліў Беларускую фэдэрацыю пэтанку і боча (bocce — з італьянскага «шар», яшчэ адна разнавіднасьць гульні на дакладнасьць пападаньня).

У чаканьні кідка

Менскія аматары для сваіх сустрэчаў спачатку абралі плошчу Бангалор. Аднак паколькі прылеглы парк гарадзкія ўлады вызначылі пад апазыцыйныя зборы і кірмашы, з гэтага месца давялося зьняцца, пераехаць на школьныя стадыёны.

Разважлівыя пойнтэры і адчайныя шутэры

Сёньняшні гульнявы актыў — людзі, якія стаялі ля вытокаў пэтанку ў Беларусі, прадстаўлялі краіну на сусьветных і эўрапейскіх першынствах. Так, першы беларускі ўдзельнік чэмпіянату сьвету ў Францыі сярод «тэтаў» (тэт-а-тэт, каманда з аднаго гульца) — спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар Дзьмітрыеў. І, як для дэбютанта спаборніцтваў такога рангу, добра прасунуўся па сетцы.

Ці не найстарэйшы на сёньня ў Беларусі майстар жалезнага шара — Уладзімер Шчарбін, неаднаразовы прызэр спаборніцтваў пад эгідай Беларускай фэдэрацыі пэтанку. Яму 73 гады, да гульні яго далучыў даўні прыяцель Сьвятаслаў Любы. Галоўнай перавагай пэтанку лічыць тое, што займацца ім можна ледзь не да канца дзён, нават калі з узростам скруцяць хваробы.

Вэтэран беларускага пэтанку Ўладзімер Шчарбін

«Аднойчы паспрабаваў, спадабалася — сваёй прастатой, дэмакратычнасьцю, — кажа пэнсіянэр. — Як на маю думку, гэта і ёсьць сапраўдная народная гульня: простая, завадная, даступная. Можна гуляць на траве, на грунце, на пяску, дзе заўгодна. І я ня згодны, што гэта збольшага пэнсіянэрская забава. З прыемнасьцю гуляюць хлопцы, дзяўчаты. Калі зьбіраемся на адкрытых пляцоўках, падыходзяць, цікавяцца, пытаюцца. Зразумела, маладыя аддаюць перавагу рухавым відам — футболу, баскетболу, тэнісу. Таму для іх гэта, можа, занадта статычна. Але калі больш прапагандаваць, сытуацыя кардынальна зьменіцца. У той жа Францыі, такое адчуваньне, гуляюць усе».

Загартаваныя правілы гульні

Сёньня аматараў пэтанку можна сустрэць у тых жа самых мясьцінах, дзе гулялі іх бацькі, дзяды: у цэнтры Парыжу, Лёндана, Барсэлёны, Нью-Ёрку. На ўласныя вочы бачыў такую кампанію ў цэнтры Стакгольму, за два крокі ад каралеўскага палаца. Кожны кідок суправаджаецца ўхвальнымі воклічамі ці стогнамі расчараваньня.

Камэнтатар і гулец Аляксандар Дзьмітрыеў

Правілы гульні нескладаныя, таму пасуюць самым розным узростам. На пляцоўцы памерам 4×15 мэтраў спаборнічаюць дзьве каманды, кожная з аднаго, двух ці трох чалавек. Каму першаму кідаць, вырашае жэрабя — арол ці рэшка.

З накрэсьленага на зямлі ці загадзя падрыхтаванага круга не бліжэй як на паўмэтра ад любой перашкоды гулец кідае драўляны шарык — «кашанэт» (cochonet, «сьвінка»). У дыямэтры ён 25–35 мілімэтраў, вырабляецца з каштоўных пародаў дрэва.

Чырвоны шарык «кашанэт»

Пасьля гэтага любы ўдзельнік першай каманды кідае шар, намагаючыся трапіць як мага бліжэй да кашанэта. За ім з таго ж круга ўступае ў барацьбу гулец другой каманды, пры гэтым ногі кідальніка не павінны выступаць за акрэсьленыя межы.

Адзін за адным гульцы камандаў-суперніц стараюцца ці пакласьці шар бліжэй да «сьвінкі», ці выбіць далей ад яе чужыя. Як правіла, гульцы выкарыстоўваюць два віды кідкоў: «пойнтэры» кладуць шары бліжэй да кашанэта, «шутэры» выбіваюць чужыя шары.

Замер дыстанцыі

Партыя вядзецца да 13 ачкоў. Каманда атрымлівае столькі балаў, колькі шароў разьмешчана бліжэй да кашанэта, чым бліжэйшы шар суперніка. Калі ў камандзе 1–2 чалавекі, кожны гуляе трыма шарамі. Калі «трыплет», гульцам дастаецца на шар меней. У гульні выкарыстоўваецца ня болей за тузін шароў.

Кёрлінг як роднасная дысцыпліна

Яўген Пучкоў у пэтанк прыйшоў з роднаснай дысцыпліны — кёрлінгу. Там гуляў за нацыянальную зборную Беларусі, удзельнічаў у некалькіх чэмпіянатах Эўропы. Траўма і ўнутраныя «цёркі» ў камандзе прысьпешылі рашэньне зьмяніць лёд на грунт.

Экс-кёрлінгіст Яўген Пучкоў

«Я якраз заканчваў з кёрлінгам і шукаў сабе прымяненьне, — кажа ён. — Ну, і Саша Дзьмітрыеў падцягнуў у пэтанк. Хлопцы самаарганізаваліся недзе ў 2007 годзе, а я прыйшоў у 2008-м, наступным заходам. Зразумела, у відах, якія не адносяцца да масавых, узьнікае пытаньне выездаў. Акрамя дарожных выдаткаў, яшчэ камандны ўнёсак. Зрэшты, як у любой дысцыпліне. Ён не такі вялікі, але пакуль ня сплаціш, да стартаў не дапусьцяць. Раней гэтак жа было ў кёрлінгу, толькі там затраты нашмат большыя — спадзяюся, нарэшце ў іх зьявілася дзяржпадтрымка. А наагул пэтанк чым добры? Сваім даўгалецьцем: эўрапейскія пэнсіянэры так і трымаюць сябе ў тонусе».

Ідэальны ўрбанісцкі спорт

Некаторых людзей сустрэць на пляцоўцы зусім не чакаеш. Напрыклад, пасьпяховага прадусара Яўгена Калмыкова, які шмат гадоў працаваў з гуртам «Ляпіс Трубяцкі». Удакладняе, што ў «пасіўным рэжыме» захапляецца пэтанкам гадоў пяць, а вось у якасьці каманднага гульца толькі пачынае.

Прадусар і пэтанкіст Яўген Калмыкоў

«Французы „падсадзілі“, — усьміхаецца Яўген. — Ёсьць сябры з Францыі, якія бяз гэтага не ўяўляюць жыцьця. І ня толькі там. У Гішпаніі часоў дыктатуры Франка пэтанк нават быў забаронены, бо, як лічылі, „пладзіў дармаедаў“: мужыкі замест працы зьбіраліся ў дварах ды кідалі шары. Нам да той масавасьці яшчэ далёка, але з кожным годам колькасьць прыхільнікаў расьце. Ды рэальны прыклад: каля культурнага цэнтру „Корпус“ зрабілі пляцоўку, людзі праходзяць, глядзяць, а празь нейкі час — раз, і ўжо самі гуляюць! Не сумняюся, што гэты спорт будзе пашырацца. Ён цалкам урбанісцкі, зручны для гораду. І я яго прапагандыст».

Сваю біяграфію пэтанк адлічвае з антычнай эпохі. Яшчэ ў VI стагодзьдзі да нашай эры грэкі спаборнічалі ў шпурляньні камянёў на адлегласьць. Пазьней рымляне ўдасканалілі правілы, дадаўшы кідок на дакладнасьць. У эпоху Сярэднявечча гульня ў «шары» на грошы набыла маштабы навалы, давялося яе забараняць у грамадзкіх месцах і салдатам падчас нясеньня каравулу.

Галоўнае правіла — не выходзіць за круг

Адрас узьнікненьня сучаснага пэтанку — француская правінцыя Праванс. Калі дакладней — партовы гарадок Ля-Сьёта, той самы, дзе браты Люм’ер зьнялі сваё знакамітае «Прыбыцьцё цягніка на вакзал», што паклала пачатак усясьветнаму кінэматографу.

Аўтарам сыстэматызаваных правілаў лічыцца францускі пэнсіянэр Жуль Ленуар, апантаны гулец у шары. Ішоў 1907 год. З прычыны рэўматызму ён ня мог выконваць прынятыя нормы — рабіць тры крокі перад кідком. І пачаў кідаць проста зь месца. Адсюль і назва — Pied-Tanqué, што па-француску азначае «ногі разам».

Навацыя прыйшлася даспадобы, праз тры гады ў Ля-Сьёце прайшоў першы афіцыйны турнір. І цяпер, больш як праз стагодзьдзе, для Францыі гэта такі ж нацыянальны сымбаль, як Эйфэлева вежа, гімн «Марсэльеза», высокая мода ці эксклюзіўная кухня.

Баявыя шары

Мэталічныя шары, вырабам якіх займаюцца некалькі францускіх вытворцаў, Міжнародная фэдэрацыя пэтанку (дарэчы, створана яна роўна 60 гадоў таму і аб’ядноўвае звыш 80 дзяржаў) ухваліла ў якасьці тэхнічнага эталёну. Дыямэтар: 70–80 мілімэтраў; вага: 650–800 грам. Чатыры катэгорыі: мяккія, паўмяккія, паўцьвёрдыя, цьвёрдыя — для розных пакрыцьцяў. Шар нельга напаўняць пяском ці іншым матэрыялам, каб штучна зрабіць яго цяжэйшым, на паверхні павінна быць выгравіраваная вага і фірма.

Кошт набору з шасьці сфэраў для прафэсійнага спорту дасягае 300 эўра, хоць падарункавыя варыянты з інкрустацыямі і дабаўленьнем каштоўных мэталяў могуць каштаваць і тысячы. Зрэшты, для аматарскіх турніраў згодзяцца і аналягі ў 5–6 разоў таньнейшыя — як правіла, кітайскай вытворчасьці.

Зь відам на Алімпійскія гульні-2024

Можа падацца, што пэтанк — захапленьне збольшага мужчынскае. Але рэклямны мэнэджэр Юлія Каласоўская, прысутная на турніры, разбурае стэрэатыпы ўласным прыкладам. У гэтай дысцыпліне яна ўжо больш за дзясятак гадоў, у яе багажы чэмпіянат сьвету ў Турэччыне і чэмпіянат Эўропы ў Бэльгіі. Перакананая прыхільніца таго, што пэтанк — найлепшая альтэрнатыва піўному жывату ды бяздумнаму сядзеньню на лавачцы.

Гендэрны балянс ад Юліі Каласоўскай

«Жанчын ня так шмат, але ў параўнаньні зь іншымі краінамі мала і мужчын, — кажа яна. — Так што ў агульным пляне суадносіны прыблізна захоўваюцца. Па-першае, гульня ў нас мала вядомая, гэта мінус. Па-другое, даволі сумная, калі на яе проста глядзіш — зразумець, як крута, можна толькі пагуляўшы. Да таго ж няма лёгкага пункту ўваходу: гуляюць невядома дзе, незразумела, як паспрабаваць. І не ўяўляюць, наколькі клясна. Адпаведна, нехта павінен праявіць ініцыятыву, прывесьці, паказаць. Адзін сябра ўдала падмеціў: пэтанк — гульня брудных рук. Можа, для жанчын сапраўды недастаткова эстэтыкі, прыгожых эфэктных штук».

Па ацэнках саміх аматараў, у лепшыя часы — у другой палове нулявых — колькасьць арганізаваных пэтанкістаў складала прыблізна паўтары сотні чалавек. Хоць у Берасьці, Магілёве ды іншых месцах зьяўляюцца новыя аматары, прырост ня надта заўважны.

Павал Іваноў марыць пра алімпійскі пэтанк

Найбольш значныя міжнародныя спаборніцтвы ў сьвеце пэтанку — усясьветныя і эўрапейскія першынствы. Удзельнік шматлікіх міжнародных турніраў, праграміст Павал Іваноў разьлічвае дагуляць да таго моманту, калі гэты від трапіць і ў праграму Алімпіяды. А шанцы немалыя: сталіцай летніх Гульняў-2024 абраны Парыж, некаранаваная сталіца ўсясьветнага пэтанку.

«Французы вельмі хочуць, каб на хатняй Алімпіядзе быў нацыянальны від спорту, — кажа Павал. — Дзеля гэтага яны прыкладаюць максымум намаганьняў, спрабуюць уваткнуцца ва ўсе топ-турніры, каб як мага большая колькасьць людзей пабачыла. Паглядзім, ці атрымаецца: куча відаў чакаюць сваёй чаргі дзесяцігодзьдзямі. Фэдэрацыя пэтанку мае папярэднюю дамоўленасьць на паказальныя выступы ў рамках Эўрагульняў- 2019 у Менску. Рэглямэнт пакуль невядомы, але наўрад ці будзе кантынэнтальнае першынства з 32 камандаў. Летась былі паказальныя гульні ва Ўроцлаве, дык абмежаваліся толькі васьмёркай зборных».

Ацэнка пазыцыі

Паказальныя выступы сапраўды ўключаныя ў культурную праграму ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску, але з адной умовай — калі выдаткі аплаціць Беларуская фэдэрацыя пэтанку і боча. Гэта значыць, пэтанкістам давядзецца чарговым разам скінуцца, каб паказаць сябе сьвету.

Пакуль што на топ-турнірах беларускія гульцы прызавых месцаў не здабывалі. Дзеля справядлівасьці, бальшыня такой амбітнай мэты перад сабой і ня ставіць: галоўнае, што ёсьць добрая нагода сустрэцца зь сябрамі, зьяднанымі агульным захапленьнем.

Нават шары на ёлцы нагадваюць пра пэтанк