Высылка прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), грамадзянкі Расеі Ганны Красулінай, прыпыненая на час разгляду яе скаргі на пастанову УУС адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску.
«Патэлефанавалі мне з аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёну, абвясьцілі, што, раз я скаргу падала, то да атрыманьня вынікаў яе разгляду мая высылка прыпыненая», — напісала Красуліна ў Facebook.
28 лістапада Ганна Красуліна перадала ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму скаргу на рашэньне аб высылцы з тэрыторыі Беларусі. Згодна з заканадаўствам, на яе разгляд адводзіцца месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэсавая сакратарка АГП: «Спадзяюся, што да канца году мяне ня вышлюць зь Беларусі»«Потым мне павінны ў пісьмовым выглядзе паведаміць рашэньне. Калі яно мяне не задаволіць, то я маю права зьвярнуцца са скаргай у суд. Суд таксама мае час да аднаго месяца, каб вывучыць маю апэляцыю. Таму я спадзяюся, што сёлета мяне зь Беларусі ніхто ня вышле», — сказала Красуліна Свабодзе.
Раней амбасада Расеі зьвярнулася ў МЗС з адмысловай нотай наконт Ганны Красулінай.
Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?
Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».
Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:
- пікет падчас выбарчай кампаніі;
- сустрэча з ізалятара затрыманых;
- сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.
У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.
Тэрмін высылкі: 1 год.
Хто такая Красуліна?
Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.
Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.
Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?
У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.
У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.
Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.
У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.
13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.