Страты Беларусі, выкліканая падатковым манэўрам у нафтавай галіне Расеі, могуць скласьці прыкладна 8 млрд даляраў. Такая ацэнка прыводзіцца ў дасьледаваньні расейскай кансалтынгавай кампаніі Vygon Consalting.
Падатковы манэўр мае на ўвазе, што ў 2019–2024 гадах экспартнае мыта на нафту ў Расеі, якое не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, зьнізіцца з 30% да 0%, спасылаецца на дакумэнт БелаПАН. Адначасова будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што прывядзе да павелічэньня ўваходнага кошту нафты для Беларусі.
«Страты краін ЭАЭС у параўнаньні зь дзейнай падатковай сыстэмай за 6 гадоў манэўру пры ўмове адсутнасьці кампэнсацыйных выплат складуць 626 млрд расейскіх рублёў, а ў год яго завяршэньня — 174 млрд. Галоўным чынам страты зьвязаныя з падаражэньнем паставак нафты на НПЗ Беларусі, якія складуць 87% ад агульнай сумы», — гаворыцца ў дасьледаваньні Vygon Consalting.
Такім чынам, расейскія аналітыкі прыйшлі да высновы, што за 6 гадоў рэалізацыі падатковага манэўру дадатковыя выдаткі Беларусі, зьвязаныя з падвышэньнем цаны расейскай нафты, складуць 544,6 млрд расейскіх рублёў, што ў эквіваленце складае каля 8 млрд даляраў.
Раней прадстаўнікі канцэрну «Белнафтахім» заяўлялі, што праз падатковы манэўр ужо ад наступнага году нафта можа падаражэць для Беларусі больш як на 20 даляраў за тону. З улікам, што ў 2019-м беларускія НПЗ плянуюць імпартаваць звыш 18 млн тон нафты, кошт вуглевадароднай сыравіны можа ўзрасьці больш чым на 360 млн даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «падатковага манэўру» Расеі Беларусь будзе страчваць каля 1,5 мільярда даляраў штогодМінфін Беларусі таксама чакае страты, але меншыя
Паводле зьвестак БелаПАН, Міністэрства фінансаў Беларусі ацэньвае страты бюджэту ад зьніжэння паступленьняў вывазнога мыта на нафту і нафтапрадукты ў 231,6 млн даляраў у 2019 годзе. Акрамя таго, дзеля недапушчэньня росту цэнаў на паліва на ўнутраным рынку ў праекце бюджэту на 2019 год прадугледжана зьніжэньне акцызаў на аўтамабільнае паліва на 25%. Страты бюджэту ў сувязі з гэтым складуць 170 млн руб.
Такім чынам, налета недаатрыманыя прыбыткі беларускага бюджэту праз наступствы падатковага манэўру могуць скласці больш за 300 млн даляраў.
Фінансавае ведамства лічыць, што страты беларускага бюджэту ў 2024 годзе могуць дасягнуць у гадавым вымярэньні 4,3 млрд беларускіх рублёў, што эквівалентна 3,8% ВУП Беларусі.
У трэцім квартале 2018 году Менск і Масква пачалі перамовы аб кампэнсацыі стратаў, зьвязаных з падатковым манэўрам ў Расеі.