Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель прапусьціць адкрыцьцё саміту «Групы 20» у Аргентыне пасьля таго, як ўрадавы самалёт, якім яна ляцела ў Буэнас-Айрэс, зрабіў аварыйную пасадку ў Кёльне.
Пры гэтым ніхто не пацярпеў. Ангела Мэркель і міністар фінансаў Нямеччыны Олаф Шольц працягнуць паездку раніцай 30 лістапада, але прыбудуць на саміт ужо тады, калі іншыя сусьветныя лідэры пачнуць дыскусіі, піша агенцтва Reuters.
«Гэта была сур’ёзная паломка. На шчасьце, у нас выдатны экіпаж і спрактыкаваны пілёт», — сказала канцлер неўзабаве ў гатэлі ў Боне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель заклікала Расею не блякаваць доступу да партоў УкраіныАгенцтва dpa цытуе прадстаўніка Мэркель Штэфэна Зайбэрта, які ўдакладніў, што Мэркель і яе дэлегацыя раніцай 30 лістапада плянуюць паехаць у Мадрыд, дзе сядуць на камэрцыйны рэйс у Буэнас-Айрэс.
Саміт G20 — дваццаці найбуйнейшых эканомік сьвету — будзе адбывацца ў Аргентыне з 30 лістапада па 1 сьнежня. Мэркель напярэдадні заявіла, што ў кулюарах саміту пагаворыць з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным аб нядаўняй агрэсіі Расеі супраць украінскіх караблёў і іх экіпажаў у Керчанскай пратоцы.
29 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скасаваў сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным з прычыны канфлікту ў Керчанскай пратоцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп скасаваў сустрэчу з Пуціным з прычыны канфлікту ў Керчанскай пратоцыШто трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.