Беларусы і ўкраінцы возьмуць пад кантроль Дняпро

Вячаслаў Жукаў (Белгідрамэт), Уладзімер Коўзелеў (АСДЭМА), Ірына Ляніўка (АСДЭМА), Юрый Крышнеў (ГДТУ ім. П. Сухога)

Беларускія і ўкраінскія навукоўцы працуюць над міжнародным праектам THEOREMS-Dnipro. Вынікам яго будзе стварэньне дзьвюх гідрамэтэаралягічных станцый — у беларускім Лоеве і ўкраінскім Любечы. Фундатар праекту — Эўразьвяз. Кошт — 230 тысяч эўра.

Станцыі на ўкраінскім і беларускім баку Дняпра будуць «блізьнятамі». Іх пабудуюць на месцах шматгадовых гідралягічных назіраньняў у трансгранічнай зоне ракі Дняпро. З украінскага боку праект каардынуе Чарнігаўскі нацыянальны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Зь беларускага — Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт (ГДТУ) імя Паўла Сухога. Нацыянальны каардынатар праекту — загадчык катэдры прамысловай электронікі ГДТУ Юрый Крышнеў.

Паводле яго, у Беларусі і Ўкраіне дагэтуль не было такіх станцый. Цяпер у апэратыўным і штатным рэжыме станцыі дазволяць кантраляваць з абодвух бакоў ракі

— тэмпэратуру вады і паветра

— вільготнасьць паветра

— атмасфэрны ціск

— напрамак і сілу ветру

— колькасьць ападкаў

— сульфаты, нітраты, хлярыды, вымярэньне долі кіслароду, pH — патэнцыялу

Усе гэтыя парамэтры будуць фіксавацца ў комплексе.

Беларусы і ўкраінцы здолеюць апэратыўна абменьвацца інфармацыяй і рэагаваць на выклікі — паводку, прыродныя катаклізмы, магчымыя экалягічныя праблемы. Новыя станцыі будуць працаваць з улікам «зялёнай эканомікі» — на сонечных батарэях. Кіраваць сыстэмай будзе мясцовы вэб-сэрвэр. Пакуль на станцыях будзе і ручны, і аўтаматычны спосаб назіраньня. Але зь цягам часу станцыі AHMES будуць цалкам аўтаматызаваныя.

Плён са станцыі атрымаюць

— Белгідрамэт

— Міністэрства па надзвычайных сытуацыях

— Людзі, якія сочаць за прагнозамі надвор’я і будуць своечасова папярэджаны пра паводку ці іншыя катаклізмы

— Ахвочыя павысіць узровень грамадзкай дасьведчанасьці і разуменьня міжнародных праблем выкарыстаньня водных рэсурсаў і іх уплыву на ўмовы жыцьця і эканамічную дзейнасьць

— Арганізацыі Беларусі і Ўкраіны, якія пашыраць сваё супрацоўніцтва

— Беларускія і ўкраінскія студэнты. Для іх будзе распачаты навучальны курс «Аўтаматызацыя гідрамэтэаралягічных і экалягічных вымярэньняў і інтэграванае кіраваньне трансгранічнымі воднымі рэсурсамі».

Інфармацыя са станцый AHMES будзе перадавацца ў рэальным маштабе часу на Web-рэсурс. Аўтаматычна праз 10-хвілінныя інтэрвалы часу ад станцыі будуць перадавацца інфармацыйныя пакеты на Web-сэрвэр, а пасьля апрацоўкі на ім — на дзяржаўную і міжнародную Web-сеткі гідралягічных, мэтэаралягічных і экалягічных парамэтраў.

«У выніку праекту ствараецца новы кляс інжынэрна-навуковай інфраструктуры для Беларусі і Ўкраіны, які будзе адпавядаць лепшым сусьветным узорам у дадзенай галіне», — падкрэсьліў Юрый Крышнеў.

У праекце зь беларускага боку ўдзельнічае АСДЭМА (Асацыяцыя дзяцей і моладзі). У іх свой інтарэс. Выканаўчы дырэктар АСДЭМА Ўладзімір Коўзелеў лічыць, што ўдзел грамадзкасьці ў пытаньнях экалёгіі павінен расьці, як і ўплыў на разьвіцьцё тэхналёгій аховы прыроды. Праектам улічаны адукацыйныя праграмы для дзяцей і моладзі, і вялікі шэраг грамадзкіх і сацыяльных мерапрыемстваў.

Кароткі слоўнік

THEOREMS — Dnipro (Transboundary Hydro metEORological and Environmental Monitoring System of Dnipro river) — гэта трансгранічная сыстэма гідрамэтэаралягічнага і экалягічнага маніторынгу ракі Дняпро.

АHMES (automated hydrometeorological / environmental stations) — станцыі гідрамэтэрэалягічнага і экалягічнага маніторынгу. Назва перагукваецца зь імем старажытнаэгіпэцкага матэматыка.