Абраны прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі засумнявалася ў магчымасьці супрацоўнічаць з Расеяй з прычыны яе дзеяньняў супраць Грузіі і Ўкраіны. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію ВВС.
Зурабішвілі абвінаваціла Расею ў паступовым прасоўваньні ўглыб тэрыторыі Грузіі і выкраданьні яе грамадзян на «лініі акупацыі» — так яна называе мяжу зь непрызнанай рэспублікай Паўднёвая Асэтыя. Палітык падкрэсьліла, што яе краіна займае праэўрапейскую пазыцыю і падтрымае Эўропу ў выпадку, калі тая пажадае пачаць дыялёг з Масквой.
Раней улады Грузіі неаднаразова абвінавачвалі Расею ў выкраданьні людзей на лініі разьмежаваньня з Паўднёвай Асэтыяй. Масква прызнае яе незалежнай дзяржавай і трымае на тэрыторыі гэтага рэгіёну вайсковую базу колькасьцю 4 тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі апазыцыя прайграла выбары. Хто такая Саламэ Зурабішвілі?Акрамя Расеі дзяржаўны сувэрэнітэт Паўднёвай Асэтыі падтрымліваюць толькі пяць краін. Як і Абхазія, Паўднёвая Асэтыя адкалолася ад Грузіі ў 2008 годзе пасьля ваеннага канфлікту з удзелам расейскіх войскаў. Тбілісі і краіны Захаду разглядаюць паводзіны Масквы ў рэгіёне як агрэсію і акупацыю. Расея лічыць свае дзеяньні міратворчай апэрацыяй.
У 2014 годзе Расея анэксавала Крым і падтрымала сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны ва ўзброеным процістаяньні з Кіевам. На днях расейскія вайскоўцы абстралялі і захапілі ўкраінскія ваенныя караблі з 24 маракамі, параніўшы пры гэтым некалькі зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі выбіраюць ужо пятага прэзыдэнта. Што было з папярэднімі чатырма. ВІДЭАНа прэзыдэнцкіх выбарах Зурабівшілі апярэдзіла свайго суперніка Грыгола Вашадзэ амаль на 20 працэнтаў галасоў. Яна заявіла, што яе перамога на выбарах стала «перамогай Эўропы», адзначыўшы, апроч іншага, што яна стала першай жанчынай — кіраўніком грузінскай дзяржавы.
Вашадзэ, падтрыманы прыхільнікамі былога прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі, не прызнаў вынікі выбараў. Ён абвінаваціў улады ў ціску на выбаршчыкаў і ў фальсыфікацыі. Паводле яго слоў, «Грузінская мара» ўступіла ў змову са злачынным сьветам дзеля перамогі.