Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён лічыць, што паколькі нічога з Украінай Расея зрабіць не змагла, то застаецца помсьціць і дэманстраваць пагарду, перавагу, заяўляе, што пакуль Пуцін на чале Расеі, адносіны Расеі з Захадам не нармалізуюцца, і тлумачыць, што ёсьць адзінай формай палітычнага існаваньня для Аляксандра Лукашэнкі.
Пуцінскі стыль вядомы — прыніжаць, зьневажаць, дэманстраваць сілу
— Пра што, па-вашаму, сьведчаць падзеі 25 лістапада, калі Расея захапіла тры ўкраінскія караблі? Навошта гэта Крамлю? Рэйтынг Пуціна, падрыхтоўка да ваенных дзеяньняў, нешта іншае? Ваша тлумачэньне?
— Я не магу сказаць навошта. Але я магу сказаць, якое разьвіцьцё падзеяў цалкам не рэальнае. Падрыхтоўка да маштабнага нападу на Ўкраіну — гэта цалкам выключана, на сто працэнтаў. Пры цяперашнім эканамічным, сацыяльным і псыхалягічным (што асабліва важна) стане Расеі ні пра якую вайну з Украінай (і пры гэтым, натуральна, поўны разрыў з Захадам) гаворка ісьці ня можа ў прынцыпе.
Іншыя вэрсіі можна разглядаць. Рэйтынг Пуціна на гэтай справе, магчыма, трошкі вырас, бо нейкае канвульсіўнае сьцісканьне патрыятычнай мускулятуры заўсёды адбываецца ў такія дні. Але потым гэта ўсё мінецца. Сёньня рэйтынг Пуціну зусім ня важны, нікуды яму сёньня выбірацца ня трэба.
Магчыма, гэта быў такі эпізод, калі згуляла агульнае ўзаемнае падазрэньне, нежаданьне саступіць, «паказаць слабасьць». Улічваючы кантэкст адносінаў Украіны з Расеяй — гэта набывае зусім іншы маштаб.
— Эпізод мог сапраўды здарыцца досыць спантанна. Але самае важнае — што потым робяць палітычныя ўлады, як яны рэагуюць. Украінскія маракі дагэтуль пад арыштам, Расея дагэтуль не прапускае ўкраінскія судны з украінскай Адэсы ва ўкраінскі Марыюпаль. Гэта таксама спантанная выпадковасьць?
— Не, гэта не выпадковасьць. Цікава, аднак, зь якога моманту гэтыя судны блякаваныя — да гэтай гісторыі ці пасьля? Калі пасьля — то гэта, натуральна, лёгіка эскаляцыі. Бо Ўкраіна і Расея маглі па-рознаму на гэта рэагаваць. Украінскія ўлады маглі наўпрост зьвязацца з расейскімі...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея ў Керчанскай пратоцы заблякавала рух больш як 400 украінскіх і замежных гандлёвых караблёў— Дык паведамляюць, што Пётар Парашэнка якраз і спрабаваў пазваніць Уладзіміру Пуціну, але той не пажадаў зь ім гаварыць.
— Значыць, украінскае кіраўніцтва такую спробу зрабіла, калі верыць гэтай інфармацыі. Так ці іначай, уяўляем, што ўкраінскія ўлады пайшлі па стандартнай працэдуры разрульваньня такой сытуацыі, а Пуцін катэгарычна адмовіўся. Што ж, гэта цалкам упісваецца ў пуцінскі стыль адносна Ўкраіны.
Паколькі нічога з Украінай Расея зрабіць не змагла, то застаецца помсьціць і дэманстраваць пагарду, перавагу
Пуцінскі стыль вядомы — прыніжаць, зьневажаць, дэманстраваць сілу. «Я наступіў вам нагой на галаву і буду на гэтай кропцы стаяць, ха-ха-ха». І гэты стыль не мяняецца ў дачыненьні да Ўкраіны, і ён не залежыць ад плянаў Пуціна.
То бок гэта не азначае, што калі Пуцін так сябе паводзіць — то ён зьбіраецца нападаць на Ўкраіну. Нічога падобнага. Пуцін заўсёды так сабе паводзіць з Украінай. Зь іншымі краінамі — па-іншаму. Ня думаю, што ён так паводзіў бы сябе з Францыяй, Нямеччынай, ЗША. І ўпэўнены, што ён павеў бы сабе роўна наадварот у адносінах з Кітаем. І калі б раптам здарыўся нейкі інцыдэнт з кітайскім суднам, Пуцін бы хуценька сам пазваніў кітайцам, не чакаючы іхняга званка.
А ў дачыненьні да Ўкраіны — гэта такі стыль. Паколькі нічога з Украінай Расея зрабіць не змагла, то застаецца помсьціць і дэманстраваць пагарду, перавагу. Бо галоўныя пляны ў адносінах да Ўкраіны накрыліся медным тазам — Украіна існуе, пры гэтым існуе ў рэзка антырасейскім рэжыме. Нічога з гэтым Расея зрабіць ня можа, адсюль і такая рэакцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не Мядзьведзеву ацэньваць шанцы Парашэнкі на выбарах», — украінскі амбасадар у Менску— Я вярнуся да вашага адказу на першае пытаньне, дзе вы кажаце, што ваенных дзеяньняў на 100 працэнтаў ня можа быць. Адкуль такая ўпэўненасьць? Пасьля Крыму і Данбасу людзі схільныя ня верыць і самым рацыянальным аргумэнтам.
— У 2013–14 гадах становішча было іншае. Адносіны Расеі з Захадам былі не настолькі сапсаваныя. Не было санкцыяў, якія, як ні круці, вельмі цяжкія для Расеі. Не было міжнароднай ізаляцыі, дакладней, паўізаляцыі, якая псыхалягічна для Пуціна і расейскай эліты вельмі цяжкая. Тады, у 2014 годзе, было куды пагаршаць адносіны з Захадам. За вайну ва Ўкраіне Расеі было чым плаціць, быў запас палітычнай, псыхалягічнай, маральнай трываласьці, які Расея спаліла за гэтыя гады.
Цяпер такога запасу няма. Далейшае пагаршэньне адносінаў з Захадам у выпадку нападу Расеі на Ўкраіну выкліча рэакцыю Захаду, якая будзе катастрафічная для Расеі. Рэакцыя можа быць розная — напрыклад, перастаць купляць расейскую нафту, замарозіць «Паўночны паток», цалкам згарнуць любыя гуманітарныя і палітычныя кантакты з Расеяй, так што Пуцін сапраўды стане недатыкальны.
Гэта Пуціну трэба? Гэта для Пуціна прымальна? Дзеля чаго? Каб расейскія танкі пакаталіся па Харкаве? І што далей рабіць з тым Харкавам? Весьці вайну з тысячамі трупаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі? Пры тым, што ягоны рэйтынг за апошні час значна ўпаў.
У гэтай сытуацыі для падняцьця рэйтынгу трэба канчаткова парваць з Захадам, справакаваць поўную эканамічную катастрофу з Расеяй, справакаваць псыхалягічную катастрофу (бо вайна з Украінай — гэта не паездка на крымскі курорт, дзе не загінуў ніводзін чалавек і жыхары Крыму з захапленьнем сустракалі Расею)? Усё гэтыя «прыемнасьці» Пуцін сабе даставіць — а навошта?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка кажа пра пляны Расеі захапіць Марыюпаль і Бярдзянск, — прадстаўнік Ўкраіны ў ААН— Сацыёлягі кажуць, што эфэкт «крымнаш» ужо вычарпаны. І расейская ўлада ня бачыць, як нанава мабілізаваць народ і адцягнуць ягоную ўвагу ад бедаў. Дык калі не «крымнаш» і ня новая вайнушка, дык што можа прыдумаць расейская ўлада?
— Нічога. Насельніцтва ад улады стамілася, сьлёзы любові ад зьяўленьня аголенага торсу Пуціна даўно павысыхалі. Эканамічнае становішча пагаршаецца, не катастрафічна, але паступова, рэйтынг падае. І што? Альтэрнатывы Пуціну ў расейскай палітычнай сыстэме няма і быць ня можа, сыстэма не дапускае зьяўленьня чалавека, які меў бы волю да ўлады і меў бы для гэтага магчымасьці. Як толькі такі чалавек зьявіцца, сыстэма рухне. Але сыстэма пакуль падаць не зьбіраецца. Расколу эліт няма, альтэрнатыўнай праграмы, папулярнай у народзе, няма.
Адпаведна, пакуль будуць цярпець. Безь любові, пры нарастаньні стомы і раздражненьня. Але цярпець будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці баяцца беларусы, што ўкраінска-расейскі канфлікт перарасьце ў вялікую вайну? ВІДЭАПакуль Пуцін на чале Расеі, адносіны Расеі з Захадам не нармалізуюцца
— Паводле сацыёлягаў, 68 працэнтаў расейцаў сёньня хочуць нармалізацыі адносінаў з Захадам, і толькі 21 працэнт хоча нарастаньня процістаяньня. Як такі запыт грамадзтва можа ўплываць на рэальную палітыку? Нават калі Пуцін гэта разумее — як ён можа нармалізаваць адносіны з Захадам, не адступіўшы ад усяго таго, што ён рабіў апошнія 5–10 гадоў?
— Ніяк. Пакуль Пуцін на чале Расеі, адносіны Расеі з Захадам не нармалізуюцца. Калі Пуцін пайшоў на апошні тэрмін, мне здавалася, што ягонай фішкай на гэтым тэрміне можа стаць маятнік. Ён дайшоў да нейкага пункту дачыненьняў з Захадам — цяпер трэба рухацца ў супрацьлеглы бок. Разрадка, дэтант. Гэта было б з захапленьнем успрынята расейскім насельніцтвам.
Вы казалі пра 68 працэнтаў, якія за паляпшэньне адносінаў з Захадам. Гэта пры шалёнай, гістэрычнай, бязглуздай антызаходняй прапагандзе. Як толькі яна б зьмякчылася, то не 68, а 88 працэнтаў насельніцтва хацелі б паляпшэньня адносінаў з Захадам.
І мне здавалася, што Пуцін на гэтую разрадку пастараецца пайсьці. Але, як бачыце, прайшло паўгода пасьля выбараў — ні пра якую разрадку гаворка не ідзе, мы атрымалі справу Скрыпаля, новае абвастрэньне. Выснова такая: на радыкальную зьмену палітыкі Пуцін пайсьці ня можа.
У яго няма магчымасьці заплаціць гэтую цану. Гэтая цана — сыход з Данбасу, здача пазыцый у Сырыі. Ніякай эканамічнай выгады гэта не прыносіць, ніякіх эканамічных інтарэсаў там няма, так званыя геапалітычныя інтарэсы — проста балбатня. Там ёсьць адзін інтарэс — асабістыя палітычныя амбіцыі Пуціна. «Я сказаў, Чапаеў ніколі не адступае». І пераступіць праз гэта ён ня можа.
Але калі б ён адступіў, то ўнутры Расеі яго б задзяўблі. Ура-патрыёты пабачылі б у ім слабака, які ня можа вытрымаць свой курс, а лібэралы хутка паднялі б галаву і пачалі б яго дзяўбсьці наконт унутранай перабудовы. Аднак пры сыстэме, створанай Пуціным, нават найдрабнейшая перабудова азначае зьяўленьне той самай палітычнай апазыцыі, якая яго зьнішчыць цягам некалькіх месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі ўпершыню пракамэнтавала падзеі ў Керчанскай пратоцыДля Лукашэнкі захаваньне позы шпагату — адзіная форма палітычнага існаваньня
— Як Лукашэнка можа рэагаваць на процістаяньне Крамля і Захаду? Ці ёсьць у яго шанец застацца ў сваім «геапалітычным шпагаце»? Ці Масква прымусіць яго стаць у антызаходні шыхт?
— Ён стаіць у гэтым шыхце, Беларусь пры розных галасаваньнях падтрымлівае Расею. Вядома, Лукашэнка катэгарычна ня хоча абвастрэньня адносінаў Расеі з Захадам, менавіта з той прычыны, пра якую вы сказалі. Для ягонай незалежнасьці (ягонай і Беларусі як краіны) галоўная ўмова — наяўнасьць двух ключоў.
Калі яго прымусяць парваць з Захадам, тады ён аказваецца стопрацэнтным васалам Расеі, які жыве выключна з ласкі Крамля. Сёньня мы табе дазваляем жыць незалежна, а заўтра скажам — у нас адзіная дзяржава, мяняй законы, валюты, станавіся канчаткова васалам. Для яго гэта палітычная сьмерць, Лукашэнка на гэта ніколі ня пойдзе.
Таму для Лукашэнкі захаваньне позы шпагату — адзіная форма палітычнага існаваньня. Таму зьнешне (галасаваньне і таму падобнае) ён будзе вымушана падтрымліваць Расею, а ўнутрана ягоная ўстаноўка адна — каб захоўвалася прачыненая фортка на Захад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кіеў спадзяецца, што Беларусь застанецца нашым «гібрыдным саюзьнікам», — украінскі палітоляг