Эпідэмія ў Цэнтральнай і Заходняй Эўропе і ў постсавецкіх краінах разьвівалася па-рознаму, таму такое параўнаньне некарэктнае, лічаць у міністэрстве.
Тэмпы заражэньня ВІЧ у Беларусі трэба параўноўваць з дадзенымі Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, а не з Заходняй Эўропай. Такую інфармацыю публікуе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя на сваім сайце.
Раней Эўрапейскі цэнтар па прафіляктыцы і кантролі захворваньняў (ECDC) і Эўрапейскае рэгіянальнае бюро Ўсясьветнай арганізацыі здароўя апублікавала сьпіс краінаў, паводле якога Беларусь увайшла ў тройку лідэраў па ліку новых выпадкаў заражэньня ВІЧ у Эўропе. Самы высокі паказчык — у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сярод лідэраў у новых выпадках заражэньня ВІЧ«Эпідэмія ВІЧ-інфэкцыі разьвівалася па-рознаму ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе, і зусім па-іншаму ў постсавецкіх краінах — рэгіёне Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе асноўнай групай рызыкі сталі спажыўцы іньекцыйных наркотыкаў і адзначаўся выбуховы рост выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі ў 1990-х і 2000-х з выхадам інфэкцыі на шырокую папуляцыю», — паведамляе прэсавая служба.
Паводле ведамства, усе арганізацыі параўноўваюць дадзеныя па Беларусі з дадзенымі па краінах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, і пры такім параўнаньні яна не ўваходзіць у лідэры па тэмпах распаўсюду ВІЧ.
У Беларусі, па стане на 1 лістапада 2018, паказчык захворваньня на ВІЧ-інфэкцыю складае 20,5 на 100 тысяч насельніцтва — што адпавядае ўзроўню захворваньня за аналягічны пэрыяд мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь у лідэрах па тэмпах заражэньня ВІЧ