Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што на перамовах з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, што пройдуць падчас саміту «Вялікай дваццаткі» ў Аргентыне ў бліжэйшыя дні, яна ўзьніме пытаньне аб сытуацыі ў Керчанскай пратоцы і Азоўскім моры пасьля захопу Расеяй трох ваенных караблёў Украіны і іх экіпажа.
Выступаючы 29 лістапада ў Бэрліне на нямецка-ўкраінскім бізнэс-форуме, Мэркель падкрэсьліла важнасьць санкцый, уведзеных краінамі ЭЗ супраць Расіі. Паводле яе, санкцыі ўведзеныя ня дзеля санкцый, а з мэтай падкрэсьліць недапушчальнасьць парушэньня міжнароднага права. Яна згадала, што Расея парушае яго ў адносінах ня толькі да Ўкраіны, але і да іншых сваіх суседзяў. Пра магчымасьць ўвесьці супраць Расеі новыя санкцыі ў сувязі з інцыдэнтам ў Керчанскай пратоцы Мэркель не згадала.
Канцлер Нямеччыны заявіла, што Расея павінна забясьпечыць свабодны доступ да ўкраінскага порту Марыюпаль на Азоўскім моры. Міністар транспарту Ўкраіны Ўладзімір Амялян заявіў, што пасьля сутыкненьня ў Керчанскай пратоцы 25 лістапада Расея блякуе доступ у Азоўскае мора па меншай меры 18 суднаў. Паводле яго словаў, парты Марыюпаль і Бярдзянск апынуліся фактычна ў расейскай марской блякадзе. У Маскве гэта адмаўляюць.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 лістапада выказаўся за тое, каб Нямеччына і канкрэтна Мэркель, а таксама Францыя прынялі ўдзел у вырашэньні крызысу. Трамп раней пакрытыкаваў дзеяньні Расеі, сказаўшы, што яму «не падабаецца гэтая агрэсія».