У Вене сярод дня скралі карціну Рэнуара

Ілюстрацыйнае фота

У Аўстрыі, у Вене, трое невядомых скралі з будынку аўкцыённага дому Dorotheum карціну францускага імпрэсіяніста Агюста Рэнуара, напісаную ў 1895 годзе. Карціна ацэньваецца прыкладна ў € 120-160 тысяч. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Крадзеж адбыўся 26 лістапада прыкладна а 17:15 паводле мясцовага часу. Момант выкраданьня, а таксама прыходу і сыходу зламысьнікаў зафіксавалі камэры відэаназіраньня.

Тры чалавекі прыйшлі ў аўкцыённы дом і накіраваліся на другі паверх, дзе экспанавалася карціна Рэнуара «Заліў, мора, зялёныя скалы», якую Dorotheum плянаваў выставіць на таргі 28 лістапада. Яны выразалі з рамы палатно памерам 27×40 см і сышлі, скарыстаўшыся рознымі выхадамі.

Зьнікненьне карціны выявілі не адразу. Паліцыянты лічаць, што дзейнічалі прафэсіяналы. Зламысьнікі абвешчаныя ў вышук.