Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў пацьвердзіў, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвяртаўся з запытам пра тэлефонную размову з расейскім кіраўніком у сувязі з інцыдэнтам ў Керчанскай пратоцы.
«Магу сказаць, што запыт быў, але размова не адбылася. Запыт — быў, а размовы не было», — цытуе Ўшакова агенцтва «Интерфакс».
Паводле Ўшакова, «пры падрыхтоўцы такога роду кантактаў ацэньваецца цэлы шэраг фактараў, у прыватнасьці, сумяшчальнасьць графікаў, таксама аналіз мэтаў, якія той ці іншы бок ставіць перад такой размовай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск з Кіева вярнулі амаль 50 расейцаў, якія ляцелі самалётамі «Белавія»У інтэрвію украінскім тэлеканалам 27 лістапада ўвечары Пятро Парашэнка паведаміў, што пасьля захопу расейцамі ўкраінскіх караблёў 25 лістапада каля Керчанскай пратокі, ён спрабаваў правесьці тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, аднак Кіеў не атрымаў ад Масквы адказу на запыт.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.