У рэгіёнах Беларусі падаражэў праезд у грамадзкім транспарце, Менск на чарзе

Аўтавакзал, Бабруйск, маршруткі, аўтобусы, транспарт. МАЗ

З 28 лістапада ў Віцебскай і Горадзенскай абласьцях на 5 капеек падаражэў білет на адну паездку тралейбусам, аўтобусам і трамваем. Такія рашэньні ўхвалілі аблвыканкамы. Улады Менску думаюць над аналягічным крокам.

Праезд у рэгіёнах Беларусі працягвае даражэць: адна паездка на грамадзкім транспарце ў Віцебскай і Гродзенскай вобласьці цяпер каштуе 55 капеек (раней было 50), пры набыцьці квітка ў кіроўцы трэба заплаціць 65 капеек (раней было 60). Адпаведныя рашэньні мясцовых уладаў у гэтых абласьцях апублікаваныя на Нацыянальным прававым партале.

Раней праезд падаражэў у Менскай вобласьці: білет на адну паездку да 55 капеек (было 50), пры набыцьці ў кіроўцы — 60 капеек (было 55).

Таксама ў гэтых абласьцях павышаецца цана месячнага праязнога білета. Напрыклад, у гарадах з насельніцтвам звыш 250 тысяч чалавек месячны праязны на ўсе віды транспарту будзе каштаваць 13 рублёў 79 капеек.

Цана праезду пакуль не зьмянілася ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. У Менску павышэньне тарыфаў на праезд могуць прыняць таксама, гэтае пытаньне зьбіраюцца неўзабаве разгледзець на паседжаньні Менгарвыканкаму, паведаміў агенцыі «Минск-новости» кіраўнік Менскага гарвыканкаму Анатоль Сівак.

Чакаецца, што праезд у Менску таксама падаражэе на 5 капеек, цяпер талёнчык у Менску каштуе 60 капеек, а ў кіроўцы — 65. Апошні раз тарыфы на праезд у грамадзкім транспарце сталіцы мяняліся летась у лістападзе. Тады квіток падаражэў на 5 капеек.