Позвы ў войска таксама атрымалі праваслаўныя сэмінарысты. На 28 лістапада іх выклікаюць у ваенкамат.
Двум з трох сэмінарыстаў каталіцкай царквы, пра якіх паведамляла Свабода, далі адтэрміноўку ад войска да лютага. Гаворка ідзе пра Аляксея Заічанку і Яраслава Казлоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выпрабаваньне для пакліканьня». Будучых сьвятароў зноў забіраюць у войска
Трэці сэмінарыст Марцін Лудзіч усё ж вымушаны прыйсьці ў ваенкамат 28 лістапада. Пра гэта Свабодзе паведаміў прэс-сакратар рыма-каталіцкай царквы, ксёндз Юры Занько.
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін паведаміў Свабодзе, што з такой жа праблемай сутыкнуліся і іх сэмінарысты. На 28 лістапада іх выклікалі ў ваенкаматы. Дакладная колькасьць прызваных цяпер удакладняецца.
З гэтай нагоды прадстаўнікі праваслаўнай царквы зьвярнулася ў Камітэт па рэлігіі і нацыянальнасьцях і Мінабароны, каб навучэнцам сэмінарыяў далі адтэрміноўку ад войска.
Паводле закону аб праходжаньні вайсковай службы адтэрміноўку даюць студэнтам прафэсійных вучэльняў, ВНУ, а таксама магістратуры, асьпірантуры і дактарантуры. Духоўная сэмінарыя ў гэты сьпіс ня трапіла.
Раней сэмінарыстаў і сьвятароў у войска ня бралі: сьпіс усіх, каму няма 27 гадоў, падавалі Ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, той зьвяртаўся ў Мінабароны і адміністрацыю прэзыдэнта, дзе рыхтаваўся ўказ аб адтэрміноўцы.
У траўні 2018 году позвы ў ваенкаматы атрымалі каля 20 клерыкаў каталіцкай вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Горадні, некалькі выхаванцаў каталіцкай сэмінарыі ў Пінску, дзясяткі студэнтаў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў Жыровіцах. Пра тое, што ў іх ёсьць адтэрміноўка сэмінарысты даведаліся, толькі калі зьявіліся з рэчамі, каб ехаць у войска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як пры Хрушчову». Дзясяткі каталіцкіх і праваслаўных сэмінарыстаў атрымалі позвы з ваенкаматаў