Амаль пяцьдзясят грамадзян Расеі, якія ляцелі ў Кіеў празь Менск, вярнулі ў беларускую сталіцу, бо іх не прапусьцілі ўкраінскія памежнікі, паведамляе Tut.by. Інфармацыю пацьвердзіў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Паводле інфармацыі расейскіх «Известий», увечары 26 лістапада памежнікі Ўкраіны не пусьцілі ў краіну каля 30 расейцаў, якія прыляцелі ў Кіеў (аэрапорт Жуляны) рэйсамі «Белавія». Авіякампанія мусіла адправіць расейцаў назад у Менск першым жа рэйсам.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі ў размове з Tut.by пацьвердзілі інфармацыю аб вяртаньні некаторых расейцаў.
«Пачынаючы з учорашняга дня амаль 50 чалавек вярнулі ў Менск. Гэта закранула чатыры рэйсы „Белавія“: тры ўчора і яшчэ адзін сёньня. Самая шматлікая група вернутых была сёньня. Калі ўчора вярнуліся 12 чалавек, дык сёньня — 35», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
Бычкоўскі адзначыў, што да ўсіх гэтых расейцаў у беларускіх памежнікаў на вылеце пытаньняў ня ўзьнікла.
«Прычына няпропуску не называецца. Інфармацыі ад дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны па зьмяненьні парадку перасячэньня мяжы замежнымі грамадзянамі, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі, не паступала», — сказаў Бычкоўскі.
Менскі аэрапорт як транзытны для палётаў ва Ўкраіну выкарыстоўваюць у тым ліку пасажыры ўкраінскай авіякампаніі «МАУ». Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, з гэтых рэйсаў грамадзян Расейскай Фэдэрацыі ў Менск не вярталі.
Расея і Ўкраіна спынілі прамыя авіязносіны паміж краінамі 25 кастрычніка 2015 году. З тых часоў грамадзяне абедзьвюх краін вымушаныя дабірацца з адной у другую транзытам, празь іншыя дзяржавы, часта — празь Менск.
З ваенным становішчам гэта ня зьвязана — Памежная служба Ўкраіны
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не пацьвярджаюць інфармацыю пра колькасьць грамадзян Расеі, якім сёньня адмовілі ва ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю.
«Вядома, пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая пачалася ў 2014 годзе, мы больш пільную ўвагу скіроўваем менавіта на грамадзян Расеі. Згодна з украінскім заканадаўствам мы можам адмовіць замежным грамадзянам ва ўезьдзе, калі яны ня могуць пацьвердзіць мэту сваёй паездкі або ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы», — паведамілі Свабодзе ў прэсавым цэнтры Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
У той жа час, паводле прадстаўніка прэсавага цэнтру, сёньняшнія дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў у аэрапорце не зьвязаныя з увядзеньнем ваеннага становішча ў 10 абласьцях Украіны:
«Ваеннае становішча будзе абвешчана толькі з заўтрашняга дня. Цяпер мы рыхтуем дакумэнты, якія вызначаць дзеяньні нашых падразьдзяленьняў на ўсіх участках мяжы пасьля ўвядзеньня асаблівага прававога рэжыму. Пакуль мы працуем у звычайным рэжыме».
26 лістапада Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла законам указ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваеннае становішча як папярэджаньнеВаеннае становішча будзе ўведзенае ад 28 лістапада на 30 дзён у дзесяці абласьцях Украіны, якія мяжуюць з Расеяй: Віньніцкай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Хэрсонскай.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.