За ўжываньне гвалту супраць навучэнцаў Чавускі раённы суд пакараў пазбаўленьнем волі дырэктара Магілёўскай спэцвучэльні закрытага тыпу № 2 і двух ягоных намесьнікаў. Іхныя дзеяньні ахарактарызаваныя сьледзтвам як «спрашчэньне выхаваўчага працэсу».
Дырэктар Алег Малышкін асуджаны на 5,5 года пазбаўленьня волі. Намесьнік дырэктара па рэжыме Валеры Баравікоў пакараны 4-ма гадамі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандар Доўгі, намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы, пакараны 3-ма гадамі ўзмоцненага рэжыму.
Справу ад 13 ліпеня 2018 году разглядала судзьдзя Вольга Палуян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрашчалі выхаваньне». У Чавусах судзяць кіраўнікоў спэцвучэльні за зьбіваньне непаўналетніхЗа што судзілі
Нагодай для крымінальнага перасьледу стала зьбіцьцё службоўцамі шасьцёх выхаванцаў 26 лістапада 2017 году.
Хлопцы самавольна пакінулі вучэльню 26 лістапада 2017 году. Праз тры гадзіны іх адшукалі і вярнулі назад. Паводле сьледзтва, прадстаўнікі адміністрацыі вучэльні выкарысталі гвалт і прыніжэньне непаўналетніх, каб высьветліць, чаму тыя ўцяклі, а таксама арганізавалі іх незаконнае ўтрыманьне ў бацькоўскім пакоі, тым самым абмежаваўшы іх свабоду. Пасьля зьбіваньня адзін з навучэнцаў трапіў у шпіталь з пашкоджаньнем хрыбетніка. Ён прабыў у шпіталі два тыдні.
Сьледзтва высьветліла, што дзеяньні абвінавачаных былі ўзгодненымі. Яны білі навучэнцаў «у мэтах асабістай зацікаўленасьці, што выявілася ў спрашчэньні выхаваўчага працэсу», а таксама каб «утаіць факт учыненьня выхаванцамі супрацьпраўнага ўчынку, які ёсьць адным з паказьнікам неэфэктыўнай працы службоўцаў і навучальнай установы ў цэлым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікоў магілёўскай спэцвучэльні затрымалі: пакалечылі непаўналетніх, аднаму зламалі хрыбет
Хто асуджаны
Алег Малышкін прызнаны вінаватым:
- У перавышэньні службовых паўнамоцтваў у спалучэньні з гвалтам і зьнявагаю пацярпелых (3-я частка 426-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). У групе асобаў удзельнічаў у зьбіваньні і прыніжэньні навучэнцаў. Таксама біў гадаванцаў папругай у прысутнасьці трэціх асобаў. Сьледзтва выявіла тры такія факты. У адным зь іх вымусіў непаўналетняга зьняць штаны і нанёс яму па аголеным целе тры ўдары дзягаю.
- У злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і ўладай (2-я частка 324-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). На працягу 2016/2017 году сыстэматычна выкарыстоўваў сваіх падначаленых і навучэнцаў для выкананьня работ у сваіх інтарэсах з выкарыстаньнем службовага транспарту.
- У парушэньні правілаў дарожнага руху (1-я частка 317-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). На службовай машыне зьбіў непаўналетнюю 2009 году нараджэньня ў двары жылога масіву. У выніку дзяўчынка зламала руку, а таксама атрымала іншыя цялесныя пашкоджаньня.
Абвінавачаньне прасіла суд пакараць Малышкіна пяцьцю з паловай гадамі пазбаўленьня волі і выплатай 400 рублёў кампэнсацыі шкоды дзяржаве. Утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ад 1 сьнежня 2017 году. У судовай залі быў у клетцы.
У сваім апошнім слове настойваў, што ў яго «прысутнасьці ніколі не ўжываўся гвалт і гэта было асноўным прынцыпам ягонай працы». Абласная пракуратура, даводзіў ён, штогод правярала вучэльню і не выяўляла фактаў гвалту і супрацьпраўных дзеяньняў. Разам з тым адзначыў, што пракурор, які быў куратарам навучальнай установы, аднойчы прыгразіў яму: «Калі будзе яшчэ адзін факт самавольнага сыходу, пасаджу». Справу супраць сябе назваў «на 100 % заказной зь відавочным ціскам абвінавачваньня на сьведак і пацярпелых». Паводле абвінавачанага, тыя, хто сапраўды білі навучэнцаў, пазьбеглі арышту, бо ня мелі статусу службовых асобаў.
Валеры Баравікоў прызнаны вінаватым:
- У перавышэньні службовых паўнамоцтваў у спалучэньні з гвалтам і зьнявагаю пацярпелых (3-я частка 426-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). Паводле сьледзтва, біў і прыніжаў выхаванцаў вучэльні.
Абвінавачаньне прасіла для Баравікова 4 гады пазбаўленьня волі.
Арыштавалі яго 29 лістапада 2017 году. Утрымліваюцца ў сьледчым ізалятары. У судовай залі пад вартай у клетцы.
З абвінавачваньнем «катэгарычна не пагадзіўся». Падчас суду настойваў, што не ўдзельнічаў у зьбіваньні навучэнцаў. Паказаньні супраць сябе ён назваў «цынічным абгаворам гадаванцаў і асобных супрацоўнікаў вучэльні, якія заключылі выгадную мірную ўгоду» са сьледзтвам. Паводле Баравікова, тыя, хто «спрычыніўся да фізычнага разбору, засталіся за бортам сьледзтва».
У апошнім слове казаў пра атмасфэру, у якой давозіцца працаваць супрацоўнікам спэцвучэльні. Ён згадаў масавыя ўцёкі навучэнцаў 2015 году. Тады самавольна, паведаміў ён, пакінуў вучэльню 31 гадаванец. Таксама абвінавачаны казаў пра масавыя беспарадкі ў навучальнай установе, «гадаванцаў, адурманеных сьпіртным і клеем». Прыгадаў факт зьбіцьця навучэнцам супрацоўніка вучэльні, пасьля чаго апошні паўтара месяца лячыўся ў шпіталі.
Аляксандар Доўгі прызнаны вінаватым:
- У перавышэньні службовых паўнамоцтваў у спалучэньні з гвалтам і зьнявагаю пацярпелых (3-я частка 426-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). Паводле сьледзтва, біў і прыніжаў выхаванцаў вучэльні.
Паводле сьледзтва разам з Малышкіным і Баравіковым зьбіваў непаўналетніх.
Падчас суду быў пад падпіскай пра нявыезд. Пракурор прасіў пакараць Баравікова трыма гадамі калёніі і ўзяць пад варту ў судовай залі.
Пацярпелыя
Пацярпелымі прызнаныя васьмёра выхаванцаў спэцвучэльні 2000 і 2001 году нараджэньня. Двое зь іх сіроты.
Бацькі настойвалі, што дзеці наважыліся на ўцёкі, каб паведаміць міліцыі пра надта жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва.
У прыватных гутарках хлопцы пацьвердзілі свае словы. Яны казалі: калі б не пашкодзілі хрыбетнік аднаму з уцекачоў, то пра інцыдэнт са зьбіцьцём ніхто б не даведаўся.
На судзе пацярпелыя таксама казалі пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня. Прызналіся, што першапачаткова з вучэльні зьбіраліся ўцячы 15 чалавек. Даводзілі, што іх зьбівалі шараговыя супрацоўнікі навучальнай установы. У тым, што зь імі адбылося, вінавацілі дырэктара вучэльні. Прасілі суд вызваліць Баравікова і Доўгага.
Пацярпелай таксама прызнаная дзяўчынка, якую зьбіў на машыне Малышкін.
Пакуль разглядалася справа, адзін з пацярпелых навучэнцаў, Іван Янкоўскі, яшчэ двойчы пускаўся на ўцёкі. Першы раз яго ў кампаніі зь іншымі гадаванцамі вучэльні вярнулі з Масквы. Наступную спробу ўцёкаў ён і яшчэ двое падлеткаў ажыцьцявілі з псыхіятрычнай лякарні, дзе знаходзіліся на абсьледаваньні. Іх затрымалі ў Мсьціславе. Падчас уцёкаў хлопцы сагналі тры машыны. Цяпер Янкоўскі ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары Магілёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцекачы з магілёўскай спэцвучэльні хаваліся ў Маскве. Іх вярнулі на радзіму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З псыхіятрычнай лякарні ў Магілёве зьбеглі трое падлеткаў